Курэйчык зрабіў ВІП-прэзентацыю“Party-Zan фільма”. Якая рэакцыя гледачоў?

Курэйчык зрабіў ВІП-прэзентацыю“Party-Zan фільма”. Якая рэакцыя гледачоў?

21 снежня ў кінатэатры SilverScreen адбыўся закрыты паказ новай стужкі Андрэя Курэйчыка Party-Zan фільм”. На прэм’еру былі запрошаныя беларускія ВІП-ы з абсалютна розных сфер дзейнасці. Да іх Еўрарадыё і звяртаецца з пытаннем пра ўражанні ад “кіно пра Беларусь, для беларусаў і сіламі беларускіх кінематаграфістаў ды акцёраў”.

“Нельга пакуль чакаць, што гэта будзе выбітнае кіно і шэдэўр, — агучвае асноўную для сябе выснову пасля прагляду фільма знакаміты прадзюсар і бізнесмен Уладзімір Максімкаў. — Трэба, каб мінула шмат гадоў для станаўлення айчыннага кінематографа. А пакуль гэта ўвогуле першыя крокі, фундамент. І ў гэтым сэнсе трэба быць цярплівым і паблажлівым. Я думаю, што гэты фільм выкліча шмат крытыкі, але, калі гэтыя крокі не будуць рабіцца, калі такія энтузіясты, як Андрэй Курэйчык, не будуць гэтым займацца, падаваць прыклад, то мы ніколі не разаўемся ў кінематаграфічным мастацтве”.

Уладзімір Максімкаў дадае, што такія праекты варта заўсёды падтрымліваць, бо ў любым выпадку гэта з’ява. Няхай не атрымалася адразу зрабіць “айчынныя “Зорныя войны”, але станоўчых момантаў хапала.

“Даволі шмат было забаўных момантаў, нядрэнных акцёрскіх прац, некаторыя эпізоды проста бліскучыя, на мой погляд, — працягвае Уладзімір Максімкаў. — І варта адзначыць, што здорава была праведзеная піяр-акцыя і ўласна арганізаваная сама прэзентацыя. Гэтаму, насамрэч, усім яшчэ варта павучыцца. Забаўна, крэатыўна, цікава, з музыкай, анімацыямі, раптоўным з’яўленнем Дональда Трампа ў зале… То бок у гэтым сэнсе крэатыў прэ і здорава, гэта вельмі добра. Бо трэба разумець, што кінаіндустрыя — гэта не толькі вытворчасць кіно, але і яго прасоўванне”.

Галоўныя героі фільма — два маладыя чалавекі, няўдачлівы бізнесмен і праграміст, якім выпадкова выпадае магчымасць зарабіць грошай. Яны бяруцца зняць некалькі ваенных сцэн для маскоўскай кінагрупы, прадставіўшыся беларускімі кінапрадзюсарамі, і гэта прыводзіць іх да розных разборак і нечаканасцяў.

“У мяне, шчыра кажучы, склалася такое дваякае ўражанне ад прагляду, — кажа дырэктар “Арт-СядзібыПавел Белавус. — Магу сказаць, што гэта такі “ўнутрак”. То бок рэальна, як і абяцаў Курэйчык, гэта камедыя пра беларусаў, бо ўсе гісторыі, праблемы, усе жарты пабудаваныя на ўнутраным жыцці Беларусі і на сённяшніх рэаліях”. 

Асобна Павел Белавус адзначае нацыянальныя маркеры, раскіданыя па ўсім фільме: пачынаючы ад некалькіх эпізодаў, дзе гучыць беларуская мова, і працягваючы сталым з’яўленнем у кадры беларускай сімволікі, нават крышка ноўтбука ў галоўнага героя бел-чырвона-белая.

“З недахопаў я б сказаў, што фільм крыху зацягнуты, у некаторых момантах рабілася сумна, асабліва на доўгіх дыялогах двух галоўных герояў, — працягвае Павел Белавус. — Але я ў кожным выпадку раю ўсім схадзіць і паглядзець. Хоць бы для таго, каб скласці сваё асабістае ўражанне. Натуральна, што будзе і шмат крытыкі і шмат добрых слоў… Але варта падтрымаць гэты праект, бо гэта пакуль спробы, а Курэйчык пакуль у нас такі адзін”.

На другасных ролях у “Party-Zan фільме” зняліся музыкі гурта Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч і Юрый Навумаў. Іх удзел Павел Белавус назваў адным з самых запамінальных момантаў у фільме. Дарэчы, калега “Дзюбелеўцаў” франтмэн трыа N.R.M. Піт Паўлаў, увогуле назваў Навумава сапраўднай зоркай, якой цалкам верыш. 

“Сама гісторыя, сцэнарый — павярхоўны і недасканалы, — кажа Піт Паўлаў. — Але агульнае ўражанне вельмі станоўчае. Не тое, каб гэта прарыў у сусветным кінематографе, але дакладна прарыў у беларускім падыходзе да кіно. Шчыра кажучы, я б наогул не стаў казаць нічога кепскага. Зразумела, што там мала грошай было і гэтак далей. Але фільм пры гэтым цэлы, ён не развальваецца на кавалкі. Я б не параўноўваў гэты фільм са сваімі любімымі сусветнымі фільмамі, ніякіх увогуле паралеляў няма. Але гэта цэлы, гатовы праект, з якога, магчыма, вырасце сапраўднае кіно”.

Як музыка, Піт Паўлаў асобна адзначае працу з музычным аздабленнем фільма. На яго погляд, з гэтага боку ўсё ўвогуле выдатна.

Паказ камедыі "PARTY-ZAN Фільм" Андрэя Курэйчыка запланаваны на 29 снежня 2016 года. У Мінску фільм можна будзе паглядзець у кінатэатрах сеткі "Сільверскрын", а таксама кінатэатрах "Беларусь", "Аўрора", "Мір", "Камсамолец".

Фота: Tut.by і з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі