Летась беларусы атрымалі на 130 тысяч "шэнгенаў" менш, чым у 2014 годзе

Летась беларусы атрымалі на 130 тысяч "шэнгенаў" менш, чым у 2014 годзе

Беларусы любяць наведваць Еўропу. Няважна, на шопінг, па музеях ці ўсё разам, але мы па-ранейшаму займаем першае месца ў свеце па колькасці выдадзеных шэнгенскіх віз на колькасць насельніцтва. Хоць і тут адбіваецца эканамічны крызіс.

Па звестках Еўракамісіі, калі ў 2014 годзе беларусы атрымалі звыш 880 тысяч “шэнгенаў”, то ўжо ў 2015 — амаль на 130 тысяч менш: каля 754 тысяч. Вярнуць “дынаміку росту” можна двума сродкамі: падпісаць з ЕС адпаведнае пагадненне аб палягчэнні візавага рэжыму і зменшыць кошт шэнгенскіх віз з 60 да 35 еўра. Ну пагадзіцеся: заплаціць за візы сям’і з трох чалавек 105 еўра значна лягчэй, чым 180.

Праўда, нягледзячы на заявы еўрапейскіх чыноўнікаў, што пагадненне можна падпісваць хоць сёння, беларускае МЗС працягвае сцвярджаць, што перамовы яшчэ не завершаныя. Не каментуе сітуацыю і Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі: маўляў, каментары толькі пасля завяршэння працэсу перамоў.

Што тармозіць працэс, дакладна невядома. Кіраўнік праекта “Адкрытая Еўропа” польскага Фонду Баторы Гжэгаж Грамадскі ўпэўнены: афіцыйнаму Мінску нявыгаднае ні гэтае палягчэнне, ні малы памежны рух. Хто ж тады будзе “купляць беларускае”? Нават блізкія парламенцкія выбары не прымусяць беларускія ўлады зрабіць такі перадвыбарчы піяр-ход — падпісаць пагадненне і зменшыць для беларусаў кошт “шэнгена”.

Гжэгаж Грамадскі: “Гэта, да прыкладу, у Грузіі, дзе выбары будуць таксама восенню, улады робяць усё, каб хутчэй дамагчыся ўвядзення бязвізавага рэжыму з ЕС — каб за гэта выбаршчыкі аддзячылі ім сваімі галасамі. У Беларусі сітуацыя іншая, выбары ў вас недэмакратычныя. І таму я не думаю, што ў гэтых умовах улады будуць разважаць такім чынам: “Трэба нешта даць грамадству, каб людзі захацелі прагаласаваць за нас”.

Гэтыя словы пацвярджаюцца візавай палітыкай Мінска ў дачыненні да еўрапейцаў, звяртаюць маю ўвагу актывісты беларускай грамадскай кампаніі “У Беларусь і Еўропу — без візы!”. Вось вы ведаеце, колькі для паляка ці літоўца каштуе шматразовая беларуская віза на 1 год? 150 еўра!

У такой сітуацыі больш спадзяванняў на тое, што консульствы пачнуць даваць болей шматразовых і доўгатэрміновых віз. Пагадзіцеся: калі ўжо плаціць 60 еўра, то лепш не за аднаразовы “шэнген”, а за шматразовы гадавы. А яшчэ лепш — двух-, а то і пяцігадовы.

Згодна са звесткамі Еўракамісіі, з усіх выдадзеных у 2015 годзе віз 66,3% былі шматразовымі. Консульствы шмат якіх краін сапраўды пачалі выдаваць больш шматразовых віз на два і больш гадоў. У анкеце на атрыманне гадавога шэнгена і пяцігадовага вы пішаце: тэрмінам знаходжання 180 дзён. У выпадку з гадавым шэнгенам усё зразумела: па законе з такой візай у кішэні вы маеце права знаходзіцца на тэрыторыі ЕС не больш за 90 дзён на паўгода. Прасцей кажучы, тры месяцы ў гасцях — тры дома. І так два разы, пакуль дзейнічае віза. А як гэта дзейнічае, калі вы атрымалі шматразовы шэнген на 5 гадоў? Бо ў анкеце пазначаліся ўсё тыя ж 180 дзён знаходжання…

“У правілах так: 90 дзён на паўгода. Гэта азначае, што калі ў вас віза на два гады, то 4 разы па 90 дзён. Так гэта працуе”, — удакладняе першы сакратар амбасады Чэхіі у Мінску Дагмар Наваградска.

На заканчэнне цікавая статыстыка ад “візавага эксперта” Андрэя Елісеева: пачынаючы з 2008 года беларусы атрымалі прыблізна 4,9 мільёна шэнгенскіх віз. Калі адкінуць візы, выдадзеныя без аплаты консульскага збору (дзеці да 6 гадоў і пэўныя катэгорыі дарослых заяўнікаў), але дадаць тых, хто атрымліваў візу праз пасярэднікаў і ў выніку заплаціў за яе больш за 60 еўра, то за гэты час беларусы выдаткавалі на візы… каля 300 мільёнаў еўра!

Фота: Еўрарадыё, iwp.org.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі