Лідзія Ярмошына: Са мной і апазіцыя ўжо працуе цалкам камфортна

Лідзія Ярмошына: Са мной і апазіцыя ўжо працуе цалкам камфортна

Сваё рашэнне не мяняць старшыню Цэнтрвыбаркама Аляксандр Лукашэнка паведаміў падчас сустрэчы з Лідзіяй Ярмошынай 25 лістапада. Ці чаканым стала для яе гэта прызначэнне, ці не было жадання “саскочыць” і што зменіцца ў працы Цэнтрвыбаркама, расказвае Лідзія Ярмошына.

Еўрарадыё: Як успрынялі перапрызначэнне?

Ярмошына: З упэўненасцю ў заўтрашнім дні!

Еўрарадыё: А з чаго вам быць няўпэўненай у заўтрашнім дні? Пенсію добрую вы сабе зарабілі — займаліся б сабой, сям’ёй, вандравалі спакойна па свеце. Няўжо не было жадання “саскочыць”?

Ярмошына: Як не будзеш працаваць, то і грошай асабліва на вандроўкі не будзе. А па-другое, я лічу: пакуль можаш і пакуль ты запатрабаваны — заўжды трэба працаваць. А “саскокваць” я і не ўмею. Мне ўвогуле ніколі ў галаву не прыходзіла думка недзе “саскочыць”, я ніколі не збягаю ад адказнасці.

Еўрарадыё: Такім чынам, вы па-ранейшаму застаяцеся “чалавекам каманды прэзідэнта”?

Ярмошына: Безумоўна.

Еўрарадыё: Падчас прызначэння на пасаду кіраўнік краіны агучваў нейкія патрабаванні да вашай далейшай працы?

Ярмошына: Не, нічога такога не было. Я сама сказала, што мы збіраемся крыху змяніць тактыку. Найперш гэта тычыцца навучання персаналу: мы лічым, больш увагі трэба надаваць не толькі прававым пытанням, але і чыста тактычным і тэхнічным. Маецца на ўвазе навучанне ў плане арганізацыі выбараў, правільнасці стварэння межаў выбарчых акругаў, уяўленне пра статыстыку якасную. І мае прапановы наконт сакратара камісіі звязаныя менавіта з гэтым (сакратаром камісіі прызначаная начальнік арганізацыйна-прававога аддзела камісіі Алена Дмухайла — Еўрарадыё). Апроч таго, я задала пытанне пра тое, ці будзем мы змяняць выбарчае заканадаўства пасля таго як нам будзе прадстаўленае заключэнне АБСЕ канчатковае.

Еўрарадыё: І які на гэтае пытанне быў адказ?

Ярмошына: Па-першае, пакуль гэтых прапаноў АБСЕ канчатковых няма. Па-другое, гэтым разам я зраблю больш адказна: прапаную суб’ектам заканадаўчай дзейнасці выпрацаваць сваё меркаванне, сваю пазіцыю  незалежную па гэтым пытанні. Канечне, я буду ўносіць свае прапановы, але канчаткова прымаць рашэнне будзе найперш палітычнае кіраўніцтва краіны.

Еўрарадыё: Мяркую, шмат у каго сапсаваўся настрой ад вашага прызначэння…

Ярмошына: А я думаю, што большасць засталася задаволеная. Бо гэта тая самая сітуацыя, калі "беражы старога начальніка — новы можа быць яшчэ горшым". Я не думаю, што да мяне ёсць такія ўжо сур’ёзныя прэтэнзіі. Са мной і апазіцыя ўжо працуе цалкам камфортна. Ведаеце, з часткай кандыдатаў у дэпутаты ад апазіцыі працавалі як паліттэхнолагі, хоць і не абавязаныя гэтага рабіць, супрацоўнікі Цэнтральнай камісіі — гэта ўжо сведчыць пра тое, што Цэнтральная камісія аказвае рэальную дапамогу незалежна ад палітычных поглядаў, усім асобам, што балатуюцца на адпаведныя пасады.

Еўрарадыё: Былі іншыя прэтэндэнты на вашу пасаду?

Ярмошына: Не ведаю, але не думаю, што знойдзецца шмат ахвочых. Што да кіраўніка краіны, то ён сказаў наступнае: “Я не бачу сэнсу. Навошта змяняць чалавека, які працуе эфектыўна?”

Нагадаю, Лідзія Ярмошына працуе старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіяй з 6 снежня 1996 года — 20 гадоў. На гэтай пасадзе яна змяніла Віктара Ганчара, які падтрымаў Вярхоўны Савет у супрацьстаянні з Аляксандрам Лукашэнкам увосень 1996 года, падчас падрыхтоўкі да рэферэндуму.

Ярмошына нарадзілася 29 снежня 1953 года — праз два месяцы ёй будзе ўжо 64. Паводле адукацыі — юрыст (у 1975 годзе скончыла юрфак Калінінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта). Да ЦВК працавала юрысконсультам (1975—1987), памочнікам пракурора (1987—1988), а потым старшынёй юрыдычнай службы Бабруйскага гарвыканкаму (1988—1996).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі