Ліхавід абвясціў галадоўку
Пра галадоўку Мікіта Ліхавід паведаміў сваёй маці Алене Ліхавід падчас спаткання, якое адбылося раніцай 31 сакавіка ў мінскім ізалятары на вуліцы Валадарскага.
"Сказаў, што пачынае галадоўку супраць прысуду, які лічыць незаконным і настойвае на яго адмене. Патрабуе, каб сведка, які даваў супраць яго паказанні, назваў тых, хто прымушаў яго ілжэсведчыць. Яшчэ сказаў, што на судзе адчуваў сябе больш свабодным, чым суддзя, пракурор і пацярпелыя. Падрабязнасці паведамлю пазней", — распавяла "Свабодзе" Алена Ліхавід.
Нагадаем, 29 сакавіка суддзя Партызанскага раённага суда Наталля Пыкіна прызнала 20-гадовага актывіста Руху "За Свабоду" Мікіту Ліхавіда вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня і асудзіла на 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сваякі Мікіты Ліхавіда адразу заявілі, што разам з адвакатам ён будзе абскарджваць прысуд.