Літоўскія памежнікі затрымалі ў пятніцу 40 мігрантаў на мяжы з Беларуссю
Затрыманыя мігранты / Прэс-служба літоўскага пагранкамітэта
У пятніцу літоўскія памежнікі затрымалі 40 мігрантаў на беларуска-літоўскай мяжы. Яны будуць правераны на COVID-19 і ізаляваны да атрымання вынікаў.
У 2021 годзе літоўскія памежнікі затрымалі 2470 нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі ўехаць у Літву з Беларусі. З іх у ліпені было затрымана 1 809 мігрантаў, у чэрвені — 473 чалавека.
Гэта ў 30 разоў больш, чым было ў 2020 годзе, тады быў затрыманы за ўсё 81 замежнік. У 2019 годзе 46 нелегальных мігрантаў былі затрыманыя памежнікамі. У 2018 — 104, 2017 — 72.
На гэтым тыдні кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс тэлефанаваў свайму іракскаму калегу Фуаду Хусэйну, каб абмеркаваць міграцыйны крызіс. Літоўскія ўлады бянтэжыць павелічэнне авіярэйсаў з Багдада ў Мінск. Яны падазраюць, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі можа быць датычны да арганізацыі патокаў нелегальнай міграцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.