Літва стварае сілы хуткага рэагавання

Папраўкі да Закона аб выкарыстанні узброеных сіл у панядзелак 13 кастрычніка былі ўнесеныя на разгляд ў Сойм, паведамляе ВВС.

Міністр абароны Літвы Юозас Алекас спадзяецца, што папраўкі прымуць у тэрміновым парадку. Паводле яго слоў, сілы хуткага рэагавання будуць складацца з двух з паловай тысяч вайскоўцаў. Яны змогуць быць прыведзены ў дзеянне на працягу двух гадзін пасля атрымання загаду, які павінен будзе аддаць прэзідэнт краіны. Неабходнасць стварэння такіх сіл міністр патлумачыў на прыкладзе Украіны.

"Мы бачым, што ва Украіне да гэтага часу не ўведзена ваеннае становішча. Там праводзіцца толькі ваенная аперацыя, якой кіруе не міністр абароны, а міністр унутраных спраў. Гэта паказвае, што мы павінны ўдасканальваць сваю прававую базу і быць гатовымі да новых сітуацый, якія патрабуюць ўмяшання арміі", - заявіў Алекас.

Як ён растлумачыў, папраўкі прадугледжваюць выкарыстанне сіл хуткага рэагавання ў мірны час. У адпаведнасці з новым законам прэзідэнт мае паўнамоцтвы мабілізаваць сілы хуткага рэагавання ў сувязі з масавымі парушэннямі дзяржаўнай мяжы, рознымі ўзброенымі інцыдэнтамі і спробамі парушыць тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы. Міністэрства абароны Літвы таксама прапануе выкарыстоўваць сілы хуткага рэагавання ў выпадку надзвычайнага становішча або для ліквідацыі тэрарыстычных пагроз.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі