Літва вырашыла будаваць плот на забалочаных участках на мяжы з Беларуссю і РФ
Літва працягвае ўмацоўваць ахову мяжы з РБ і РФ
Літва вырашыла будаваць плот на забалочаных участках на мяжы з Беларуссю і Расіяй. Такое рашэнне ў МУС Літвы прынялі пасля нарады з іншымі зацікаўленымі ведамствамі (Міністэрствам навакольнага асяроддзя і Дзяржслужбай ахоўных тэрыторый), якая прайшла ў сераду, паведамляе Delfi.
Кіраўніца МУС Літвы Агне Білатайце распавяла, што атрымалася знайсці рашэнні, якія будуць "мінімальна шкодзіць прыродзе". "Неабходныя дадатковыя меры па ахове межаў, паколькі толькі сёлета ў багністых мясцовасцях на мяжы з Беларуссю было папярэджана пранікненне каля 700 нелегальных мігрантаў, выяўлена 13 выпадкаў кантрабанды, — кажа міністр унутраных спраў. — Аднак мы робім гэта вельмі адказна, разам са спецыялістамі прыродааховы, ацэньваючы магчымае ўздзеянне на прыроду".
Пра тое, што Літва можа пабудаваць плот нават на забалочаных участках на мяжы з Беларуссю, стала вядома ў сярэдзіне верасня. Была створана працоўная група для вывучэння такой магчымасці. На сённяшні дзень плот і калючы дрот усталяваны літоўцамі на 550 кіламетрах 679-кіламетровай мяжы з РБ. Застаецца больш за 120 кіламетраў мяжы ўздоўж рэк, азёр, балот. Там памежная зона кантралюецца камерамі відэаназірання і іншымі тэхнічнымі сродкамі.
У жніўні 2023-га Беларусі была ўручаная нота пратэсту Літвы ў сувязі з інцыдэнтам на мяжы, які адбыўся якраз на ўчастку літоўска-беларускай мяжы, дзе, як лічылася, з-за прыродных асаблівасцяў немагчыма ўсталяваць плот. Цяпер немагчымае можа стаць магчымым.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.