Літва заклікае сказаць "выразнае "не" расійскім і беларускім турыстам"

Кіраўнік літоўскага МЗС Габрыэлюс Ландсбергіс / delfi.lt​
Кіраўнік літоўскага МЗС Габрыэлюс Ландсбергіс / delfi.lt​

Літва заклікае сказаць "выразнае "не" расійскім і беларускім турыстам". Пра гэта заявіў міністр замежных справаў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс у артыкуле для выдання Politiko.

Ён таксама заклікае прыняць рашэнне пра ануляванне "ўжо выдадзеных доўгатэрміновых шматразовых візаў, прынамсі да заканчэння вайны". Пры гэтым еўрапейскія краіны могуць прымаць грамадзян Расіі і Беларусі — але толькі тых, "хто шукае прытулку, а не еўрапейскага адпачынку". На думку Ландсбергіса, толькі сумеснае і эфектыўнае рашэнне зробіць візавую забарону максімальна эфектыўнай.

Ён нагадаў, што Літва яшчэ 10 сакавіка прыняла рашэнне выдаваць візы грамадзянам Расеі і Беларусі толькі з гуманітарных меркаванняў. Але яны працягваюць уязджаць у краіны Балтыі — альбо з выдадзенымі раней шматразовымі візамі, альбо з візамі, выдадзенымі іншымі краінамі ЕС.

"На літоўскіх курортах мы ўжо назіраем павелічэнне колькасці расійскіх турыстаў, якія заехалі ў краіну па візах, выдадзеных іншымі чальцамі ЕС", — адзначае літоўскі міністр. Акрамя таго, аэрапорты Вільні і Рыгі зрабіліся "занадта даступным месцам для тых, хто хоча атрымаць трохі асалоды ад еўрапейскага ладу жыцця, а таксама падтрымаць вайну прэзідэнта Уладзіміра Пуціна".

"Літва безумоўна верыць у еўрапейскую салідарнасць і сумесныя рашэнні. І паколькі мы чуем рашучую апазіцыю візавым забаронам з боку некаторых краін-чальцоў, мы настойліва заклікаем тых, хто ўсё яшчэ верыць у еўрапейскія каштоўнасці, прынамсі старанней вывучыць візы, якія ўжо былі выдадзеныя", — заявіў Ландсбергіс.

Прапанова забараніць выдачу шэнгенскіх візаў расіянам ужо вынесеная на абмеркаванне ў Еўрасаюзе. Не выключана, што гэтая мера можа трапіць у сёмы пакет еўрапейскіх санкцый супраць РФ. Супраць гэтага рашэння выступае, у прыватнасці, Германія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі