Лукашэнка: 7 лістапада — дарагое сэрцу свята

Лукашэнка: 7 лістапада — дарагое сэрцу свята

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў суайчыннікаў з Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ён адзначаецца ў нашай краіне ў нядзелю.

"Для многіх з нас 7 лістапада — дарагое сэрцу свята, сімвал працоўнага гераізму першых пяцігодак, воінскага подзвігу ў гады Вялікай Айчыннай вайны, яркіх дасягненняў ва ўсіх сферах жыцця грамадства пасляваенных гадоў. Звяртаючыся да мінулага, мы атрымліваем з яго бясцэнныя ўрокі. Маральныя ідэалы, якія дапамагалі нашым папярэднікам пераадольваць любыя цяжкасці і перамагаць у самых складаных абставінах, не страчваюць сваёй актуальнасці і сёння. Паколькі перад нашай краінай стаяць маштабныя задачы: значна павысіць якасць жыцця, стварыць эканоміку ведаў і новых тэхналогій, забяспечыць канкурэнтаздольнасць Беларусі ў свеце", — гаворыцца ў віншаванні.

Лукашэнка нагадаў, што ў нашай краіне будуецца "сацыяльна арыентаваная дзяржава", у аснове якой — павага да людзей працы, ідэалы роўнасці і сацыяльнай справядлівасці, імкненне да ўзаемаразумення і яднання ў імя дабрабыту Беларусі.

Нагадаем, 7 лістапада (25 кастрычніка па старым стылі) 1917 года ў Петраградзе захапілі ўладу бальшавікі на чале з Леніным. Гэта справакавала грамадзянскую вайну ў Расіі, якая працягвалася некалькі гадоў. У 1922 годзе на руінах Расійскай імперыі быў створаны СССР, у склад якога да 1991 года ўваходзіла Беларусь.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі