Лукашэнка — алімпійцам: Планаў на медалі няма, але мы чакаем перамог

Лукашэнка — алімпійцам: Планаў на медалі няма, але мы чакаем перамог

12 ліпеня ў Мінску прайшла ўрачыстая цырымонія провадаў беларускіх спартсменаў на Алімпіяду ў Бразіліі. На ёй выступіў Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Ён нагадаў, што на гэты раз ніякіх планаў на медалі не ўстанаўлівалі, аднак ад спартсменаў чакаюць "поўнай канцэнтрацыі і самаадачы на мяжы чалавечых магчымасцяў".

"Мы ўсе чакаем вашых перамог, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Нашая каманда — гэта арганічны сплаў маладосці і досведу. Для адных гэта першая ў жыцці Алімпіяда, але многія ўжо выступалі на галоўных гульнях чатырохгоддзя".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што высокія вынікі спартсменаў — гэта "пазітыўны імідж Беларусі і паказчык яе паспяховага развіцця". Яны важныя для ўсіх беларусаў. І дзяржава зрабіла ўсё неабходнае для падрыхтоўкі алімпійцаў, адзначыў ён.

Таксама ў сваёй прамове Аляксандр Лукашэнка згадаў пра "неспартыўныя метады ціску на асобных атлетаў і цэлыя краіны". Алімпіяда даўно выйшла за рамкі асабістых спартыўных дасягненняў, яна стала вялікай палітыкай.

Сцяганосцам беларускай спартыўнай дэлегацыі на адкрыцці XXXI летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра быў абраны 48-гадовы Сяргей Мартынаў, стралок з вінтоўкі. Капітанам беларускай каманды будзе алімпійскі чэмпіён у веславанні на байдарках і каноэ 34-гадовы Аляксандр Багдановіч. Менавіта ён атрымаў дзяржаўны сцяг з рук Аляксандра Лукашэнкі (на здымку).

Як вядома, асноўныя кваліфікацыйныя патрабаванні і нарматывы для ўдзелу ў Алімпіядзе выканалі 144 беларускіх спартсмены ў 25 відах спорту. Алімпіяда стартуе 5 жніўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі