Лукашэнка анансуе рэформу ў Адміністрацыі, за ідэалогію будзе адказваць Рыжанкоў

Лукашэнка анансуе рэформу ў Адміністрацыі, за ідэалогію будзе адказваць Рыжанкоў

Аляксандр Лукашэнка анансуе рэформу ў Адміністрацыі прэзідэнта. У сераду стала вядома, што Адміністрацыю ачоліла 56-гадовая Наталля Качанава, намесніца прэм'ер-міністра, яе першым намеснікам стаў 44-гадовы Максім Рыжанкоў, памочнік кіраўніка дзяржавы па пытаннях фізкультуры, спорту і развіцця турызму. Падчас размовы з імі Лукашэнка заявіў, што трэба скараціць адну з пасадаў намесніка кіраўніка Адміністрацыі, найхутчэй таго, які адказвае за ідэалогію. Ідэалагічны накірунак будзе "істотна перабудаваны" і яго верагодна замацуюць за першым намеснікам, гэта значыць за Рыжанковым. "Хутчэй за ўсё — я проста выказваю сваё меркаванне, а вы там паглядзіце", — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы лічыць, што ўпраўленне ідэалогіі трэба захаваць — працы і хопіць і для яго. Аднак акцэнт трэба рабіць на канкрэтных дзеяннях, а не толькі на абмеркаваннях у СМІ. Ён нагадаў, што "галоўная аснова" ідэалогіі ў Беларусі — гэта "культура, спорт, ды і ахова здароўя".

Таксама Лукашэнка прапанаваў "частку адпаведных функцый і паўнамоцтваў" перадаць яго прэс-сакратару Наталлі Эйсмант. Яе ён назваў вопытным чалавекам, але працы ёй крыху не хапае, як і ўладных, арганізацыйных  паўнамоцтваў.

На сустрэчы з Качанавай і Рыжанковым гаворка ішла і пра памочнікаў кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што патрэбныя памочнікі па працы з заканадаўчай галіной улады, з судовай, па працы з банкаўскім сектарам, і шэрагу іншых. Усе астатнія пасады памочнікаў ён хоча скараціць. "Яны сёння адыгралі сваю ролю і практычна не патрэбны", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён хацеў бы удасканаліць і працу памочнікаў-галоўных інспектараў у рэгіёнах.

Адміністрацыю прэзідэнта Аляксандр Лукашэнка назваў сваім "галоўным штабам". Рэфармаваць, а хутчэй абнавіць яго трэба "спакойна і разумна". Адміністрацыі патрэбныя прафесійныя і працаздольныя кадры, заявіў Лукашэнка. Прапановы па абнаўленню ён чакае ў сціслыя тэрміны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі