Лукашэнка дзівіцца, што сярод аўтараў навуковых работ — кіраўнікі прадпрыемстваў

Лукашэнка дзівіцца, што сярод аўтараў навуковых работ — кіраўнікі прадпрыемстваў

28 лютага Аляксандр Лукашэнка наведаў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр трансплантацыі органаў і тканак ўстановы аховы здароўя "9-я гарадская клінічная бальніца".

Як паведамляе яго прэс-служба, кіраўнкі Беларусі даручыў пралічыць мэтазгоднасць стварэння асобнага новага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак у нашай краіне. Паведамляецца, што Лукашэнка цёпла пагутарыў з пацыентамі, сярод якіх і дзеці, уручыў ім сувеніры, пажадаў здароўя і поспехаў у далейшым жыцці.

Кіраўнік РНПЦ Алег Румо паведаміў кіраўніку дзяржавы пра перспектывы далейшага развіцця транспланталогіі ў Беларусі. Праца па распрацоўцы і ўкараненні тэхналогій трансплантацыі органаў у дзяцей і дарослых ў 2016 годзе вылучаная на суісканне Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі.

Аб прысуджэнні дзяржаўных узнагарод Лукашэнка выказаўся асобна. На яго думку, прысуджэнне дзяржаўных узнагародаў за навуковыя працы не павінна насіць фармальны характар. Ён даручыў Адміністрацыі прэзідэнта прааналізаваць, які эканамічны эфект прынеслі Беларусі навуковыя працы, якія атрымалі дзяржаўныя прэміі ў папярэднія гады.

Таксама Лукашэнка здзівіўся, што сярод аўтараў розных навуковых работ часта можна ўбачыць кіраўнікоў прадпрыемстваў або арганізацый. "Я паглядзеў — вакол начальнікі. Толькі не разумею, калі ў дырэктара прадпрыемства ёсць вольны час, каб сесці і стварыць цуд. Я хачу, каб быў аўтар, сапраўдны аўтар, які гэтага заслугоўвае. А прымазвацца да славы не трэба", — перасцярог кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з кожнай працай, вылучанай у 2016 годзе на суісканне Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі. Гэта распрацоўкі і праекты ў сферы трансплантацыі органаў, прамысловасці, машынабудавання, сельскай гаспадаркі, нафтаздабычы, будаўніцтва, тэхналогій і гісторыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі