Лукашэнка: І дзе сёння немцы, і дзе сёння мы?
13 красавіка Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду па пытаннях развіцця зімовых відаў спорту. У сваёй прамове ён жорстка выказаўся пра сітуацыю і акрэсліў праблемныя пытанні.
Лукашэнка спыніўся на хакеі. Паводле яго слоў, “нягледзячы на беспрэцэдэнтныя ўмовы”, якія былі створаныя, зборная Беларусі не трапіла на Алімпіяду, у рашаючым матчы яна на сваёй пляцоўцы прайграла славенцам. “Вы памятаеце гэтую ганьбу дома, у Мінску, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — Апошні чэмпіянат свету ў Парыжы наша зборная скончыла на мяжы вылету з вышэйшага дывізіёну”.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў прысутным параўнаць хакейныя зборныя Беларусі і Германіі. Яшчэ некалькі гадоў таму апошнюю не ўспрымалі ўсур’ёз, але ўсё змянілася. “І дзе сёння немцы, і дзе сёння мы? — спытаўся Лукашэнка. — Зноў, скажаце, штосьці вам не хапіла? З дзесяці мільёнаў не хапіла выбраць 20 чалавек, каб годна выглядаць і трапіць на Алімпіяду”.
Кіраўнік дзяржавы абураны, што пасля павелічэння ў нашай краіне хакеістаў удвая, а штатных трэнераў амаль утрая, выніку няма, не відаць і “рэальных перспектыў”. “На носе чэмпіянат свету”, — нагадаў Лукашэнка.