Лукашэнка: Ідзе сур'ёзны ператок: беларусы едуць у Кітай, кітайцы — у Беларусь

Лукашэнка: Ідзе сур'ёзны ператок: беларусы едуць у Кітай, кітайцы — у Беларусь

У панядзелак, 10 красавіка, Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з міністрам грамадскай бяспекі КНР, чальцом Дзяржсавета Кітая Го Шэнкунем. Кіраўнік Беларусі заявіў, што ў сучасных умовах, перад абліччам новых сусветных выклікаў праваахоўнікам дзвюх краін неабходнае больш цеснае супрацоўніцтва.

“Часы змяніліся, свет стаў вельмі цесным, злачыннасць — інтэрнацыянальнай, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Таму перад намі вельмі вялікія задачы, якія мы павінны вырашаць разам… Ідзе сур’ёзны ператок людзей: беларусы едуць у Кітай, кітайскія грамадзяне — у Беларусь. Мы будуем шмат сучасных прадпрыемстваў у Кітаі, і тут, у Беларусі, працуе шмат грамадзян з Кітая. Натуральна, што з усімі станоўчымі і негатыўнымі тэндэнцыямі ў нашых краінах ідзе ператок праблем. Таму ўзнікае неабходнасць больш актыўнай і цеснай працы паміж праваахоўнымі органамі”.

Аляксандр Лукашэнка згадаў, што Беларусь рыхтуецца правесці II Еўрапейскія гульні і для нашай краіны важны досвед, які Кітай накапіў падчас падрыхтоўкі і правядзення Алімпіяды 2008 года ў Пекіне. Таксама беларускі кіраўнік выказаўся пра тое, што ў Беларусі надаюць вялікую ўвагу “новым выклікам і некаторым старым праблемам, якія абвастрыліся — экстрэмізму, тэрарызму, сепаратызму”. Сярод іншых актуальных сусветных праблем Лукашэнка назваў кіберзлачыннасць і актыўную міграцыю. “Па гэтых накірунках яшчэ трэба будзе выпрацаваць сур’ёзныя мерапрыемствы для актыўнага супрацоўніцтва”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Го Шэнкунь адзначыў добрыя тэмпы развіцця беларускай эканомікі, а таксама стабільнасць у грамадстве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі