Лукашэнка: Лепш, што хакеісты прайгралі і не едуць на Алімпіяду
Аляксандр Лукашэнка лічыць заканамерным пройгрыш беларускіх хакеістаў у адборы на алімпійскую кваліфікацыю 2018 года. Пра гэта ён заявіў 5 верасня падчас сустрэчы з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) Рэнэ Фазелем.
Нагадаем, 4 верасня зборная Беларусі саступіла камандзе Славеніі і не змагла трапіць на Алімпійскія гульні-2018.
"З майго пункту гледжання, так і павінна было здарыцца, таму што мы ж памятаем, як каманда гуляла на апошнім чэмпіянаце свету ў траўні гэтага года — адскочылі ў апошнім матчы. І замест таго каб усё лета займацца і рыхтавацца да гэтых Гульняў, яны, мабыць, на поўдні адпачывалі. Таму так і атрымалася: хто хацеў выйграць і паехаць на Алімпіяду, той выйграў", — цытуе БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Беларускі кіраўнік прызнаў, што перажываў за выступ беларускай зборнай, але прадбачыў паразу. Зрэшты, пазітыўны момант Лукашэнка знайшоў нават у пройгрышы нацыянальнай каманды: "Лепш, што цяпер яны прайгралі і не едуць на Алімпіяду, чым потым мы будзем сядзець ля тэлевізара і ламаць рукі з такой гульнёй, як у іх сёння. Я не думаю, што за год у іх нешта кардынальна змянілася б".
Лукашэнка лічыць, што сістэму падрыхтоўкі беларускіх хакеістаў трэба рэфармаваць. Заняцца гэтым ён плануе бліжэйшым часам. "Але ў бліжэйшыя два-тры гады — адразу гэта не робіцца — мы парадак навядзем у спорце ў цэлым і ў хакеі ў прыватнасці. Разбярэмся з усімі функцыянерамі, якія, напэўна, трошкі атлусцелі, як кажуць у нас у Беларусі, зажраліся", — паабяцаў кіраўнік дзяржавы.