Лукашэнка: Мінздароўя дало правільны прагноз па COVID-19. Ці так гэта?

Вайскоўцы дэзынфікуюць школу ў Мінску / Reuters
Вайскоўцы дэзынфікуюць школу ў Мінску / Reuters

3 траўня на нарадзе ў Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сітуацыя з COVID-19 у Беларусі застаецца ў рамках, якія чыноўнікі прадбачылі яшчэ два месяцы таму. "На сённяшні дзень удаецца стрымліваць захворванне ў цэлым,цытуе кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — Што да інфекцыйных захворванняў, то мы ідзём дакладна ў тым прагнозе, які быў два месяцы таму даложаны мне Міністэрствам аховы здароўя і спецыялістамі, якія займаюцца непасрэдна інфекцыйнымі хваробамі".

Відавочна, гэты прагноз сур'ёзна разыходзіцца з рэальнасцю. У цяперашні час у Беларусі выяўляецца 800–900 новых выпадкаў COVID-19 у суткі. Мінздароўя звязвае гэта з "гіпердыягностыкай" — сур'ёзным павелічэннем колькасці аналізаў, якія штодня праводзяцца і апрацоўваюцца ў Беларусі. Аднак кіраўнік прадстаўніцтва СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў, згаджаючыся з гэтым, сцвярджае, што рост лабараторна пацверджаных выпадкаў COVID-19 таксама з'яўляецца вынікам "адсутнасці адэкватных мер фізічнага дыстанцыявання".

У тым жа стрыме Алена Богдан расказала, што па стане на 14 красавіка ў Беларусі больш за 2200 апаратаў ШВЛ, у якіх на той момант мелі патрэбу 57 чалавек. За няпоўныя тры тыдні колькасць пацыентаў, якія дыхаюць з дапамогай апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, павялічылася амаль у чатыры разы — 3 траўня Лукашэнка заявіў пра "крыху больш за дзвесце" пацыентаў на ШВЛ.

На той жа нарадзе 3 траўня кіраўнік Беларусі сказаў, што праглядае інфармацыю аб распаўсюджванні COVID-19 кожныя суткі. "Сёння атрымаў. Таксама 9% у нас ад тэставаных", — дадаў ён. Гэта альбо агаворка, альбо звесткі, якія атрымаў Лукашэнка, не зусім дакладныя.

За суткі ў Беларусі было зроблена 8809 тэстаў, якія дазволілі выявіць 877 новых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі. Але гэта не значыць, што аналізы здалі 8809 новых пацыентаў з падазрэннем на заражэнне каранавірусам, у 877 з якіх захворванне пацвердзілася. Бо тэсты робяцца і паўторна, і трэці раз — перад выпіскай. Паўторныя станоўчыя тэсты не ўлічваюцца ў статыстыцы як новыя выпадкі COVID-19.

Акрамя таго, тэсты на каранавірус часам бываюць псеўдастаноўчыя — як у гісторыі з расійскімі рабочымі на будаўнічай пляцоўцы Астравецкай АЭС. Такім чынам, гаворка ідзе пра 9% станоўчых вынікаў ад колькасці зробленых тэстаў, а не ад колькасці тэставаных. Працэнт ад колькасці тэставаных павінен быць вышэйшы. Але пра гэта Лукашэнка, мяркуючы па тым, што ён агучыў на нарадзе, можа і не ведаць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі