Лукашэнка: Мы не можам дазволіць у краіне 350 тысяч "дармаедаў"
"Шмат хто хоча працаваць, вялікія грошы мець, а ў школе нават двойкі не атрымлівалі", — так Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб праблеме беспрацоўных.
Кіраўнік дзяржавы закрануў праблему працаўладкавання і "дармаедаў" падчас паездкі на прадпрыемства "Рэчыцадрэў" 11 красавіка. У Рэчыцы беспрацоўных налічваецца некалькі соцень — гэта менш за 1% ад працаздольных грамадзян. Лукашэнка прапанаваў даць ім працу па спецыяльнасці.
Разам з тым кіраўнік дзяржавы ўпэўнены ў слушнасці сваіх захадаў супраць непрацуючых грамадзян. "Жыццё змянілася. Вы можаце крытыкаваць мяне як заўгодна. Будуць у вас іншыя прэзідэнты, і, калі яны захочуць ўтрымаць краіну, будуць праводзіць такую ж палітыку. Не можам мы сабе дазволіць, калі ў краіне 350 тысяч, як яны называюць сябе — "дармаедаў", нічога не робяць. Гэта хіба нармальна?" — перадае БЕЛТА яго словы.
Лукашэнка заявіў, што сярод гэтых людзей вялікая колькасць патэнцыйных правапарушальнікаў, гатовых пайсці на злачынства, каб здабыць сродкі для пражывання.
Таксама кіраўнік дзяржавы закрануў тэму цэнаўтварэння. Ён запэўніў, што дзяржава вырашыць пытанне завышаных коштаў. "Ва ўрадзе ўжо пачалі варушыцца. Рыначнікі там з'явіліся: адпусцілі кошты на ўсё, што папала, і атрымалі іх рост", — патлумачыў Лукашэнка.