Лукашэнка мяняе расійскіх журналістаў на кітайскіх
1-7 траўня Беларусь з прэс-турам наведаюць прадстаўнікі кітайскіх СМІ. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на намесніка міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча. У праграме іх візіту — сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Раней кіраўнік Беларусі даваў падобныя масавыя прэс-канферэнцыі для расійскіх СМІ.
У прэс-тур у Беларусь прыедуць прадстаўнікі каля 40 выданняў — інфармацыйных агенцтваў, электронных сродкаў масавай інфармацыі ды інш. Для замежнікаў, як паведаміў Карлюкевіч, падрыхтавалі насычаную праграму.
Акрамя прэс-канферэнцыі ў Лукашэнкі яны наведаюць XXI Міжнародную спецыялізаваную выставу "СМI ў Беларусі", якая адбудзецца ў Мінску 3-6 траўня. Дарэчы, менавіта Кітай будзе спецыяльным госцем выставы. Курыраваць знаходжанне кітайскіх журналістаў у нашай краіне будзе Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды.