Лукашэнка паабяцаў здзівіць другой часткай размовы "Ніка" і "Майка"
Аляксандр Лукашэнка паабяцаў здзівіць публікацыяй другой часткі размовы "Ніка" і "Майка". Пра гэта распавёў галоўны рэдактар радыёстанцыі "Говорит Москва" Раман Бабаян. Ён быў адным з тых расіян, якім даваў інтэрв'ю беларускі кіраўнік.
Па словах Бабаяна, Лукашэнка пакрыўдзіўся, што з яго ўсе "пачалі смяяцца" пасля публікацыі першай часткі. Ён пераконваў, што "гэта вельмі сур'ёзная гісторыя". "Гэта не мы прыдумалі", — гаварыў беларускі кіраўнік.
"Мы разгарнулі станцыю ў Гродне (станцыя радыёэлектроннай выведкі), яна ў нас забяспечаная суперсучаснай тэхнікай, у нас там працуюць суперпрафесійныя людзі, — працягваў Аляксандр Лукашэнка. — Мы яе перахапілі".
Як вядома, нейкія асобы ў дзіўнай размове абмяркоўвалі, што расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага насамрэч не атруцілі, а яго справу Захад паспрабуе выкарыстаць для ціску на Расію ў справе Беларусі. Але нават расійскія прапагандысты скептычна аднесліся да гэтага "перахопу".
"Гэта толькі кавалачак гэтай плёнкі, — гаварыў расіянам Лукашэнка. — ...папытаеце кіраўніка ФСБ Расіі, ён дасць яе вам паслухаць, бо я перадаў гэтую плёнку яму".
Але "гэта кветачкі", працягваў беларускі кіраўнік. "Вы нават не ўяўляеце, якая ў нас ёсць інфармацыя і якія ягадкі яшчэ наперадзе", — перадаў словы Аляксандра Лукашэнкі Бабаян.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.