Лукашэнка падарыў карову шматдзетнай сям'і з Магілёўшчыны (відэа)
Неспадзяваны падарунак атрымала зранку 4 кастрычніка шматдзетная сям'я Снігір з вёскі Ясень Асіповіцкага раёна Магілёўшчыны. Ад імя Аляксандра Лукашэнкі ім перадалі карову, піша tut.by.
Сяргей Снігір распавёў, як два тыдні таму яго жонка Вольга напісала на сайце Адміністрацыі прэзідэнта, што хоча мець карову. Аднак купіць яе шматдзетная сям'я не можа, бо гэта дорага. Таму жанчына папрасіла па магчымасці падарыць ім карову.
Карове Белцы, якую падарылі сям'і Снігіроў, чатыры гады. Сяргей кажа, што з выгляду жывёла добрая. "Чуў, што ў нашай гаспадарцы "Ясень-Агра" зладзілі цэлы кастынг, каб выбраць для нас самую лепшую карову!", — дзеліцца ён эмоцыямі.
Мужчына ўдакладняе, што сёння купіць карову можна прыкладна за 1400 рублёў. А сям'і падарылі племянную жывёлу, якая, па ацэнках Снігіра, каштуе не менш за 2000 рублёў.
"Для нас гэта велізарныя грошы, самі не змаглі б. Дзякуй за такі падарунак!" — не хавае ён радасці.