Лукашэнка падпісаў новы "Дэкрэт аб дармаедах"

Лукашэнка падпісаў новы "Дэкрэт аб дармаедах"

25 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт №1, які прадугледжвае меры па садзейнічанні занятасці насельніцтва, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі

Гэты дакумент прыйшоў на змену ранейшаму дэкрэту №3, больш вядомаму, як "дэкрэт аб дармаедах". Паведамляецца, што новы дакумент накіраваны найперш на тое, каб органы ўлады максімальна дапамагалі грамадзянам знаходзіць працу.

У новым дэкрэце, у адрозненне ад ранейшага скасаваная норма пра выплату збору на фiнансаванне дзяржаўных выдаткаў. Асобы, якія раней былі прызнаныя плацельшчыкамi гэтага збору, цяпер вызваляюцца ад яго выплаты.

Замест гэтага з 1 студзеня 2019 года працаздольныя, але непрацуючыя грамадзяне будуць аплачваць поўны кошт паслуг, субсідаваных дзяржавай. Канкрэтны пералік такіх паслуг даручана вызначыць ураду.

Выконваць дэкрэт на месцах будуць пастаянна дзеючыя камісіі, асноўнай задачай будзе дапамога грамадзянам у пошуку працы. У камісіі будуць уключаць дэпутатаў усіх узроўняў, спецыялістаў мясцовых органаў улады, а таксама прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў. Узначальваць такія камісіі будуць, як правіла, старшыні Саветаў дэпутатаў.

Дэкрэт дае права камісіям вызваляць на пэўны час непрацуючых грамадзян ад аплаты паслуг па поўным кошце пры наяўнасцi ў iх цяжкай жыццёвай сітуацыі.

"Для рэалізацыі дэкрэта ўрадам будзе прыняты шэраг пастаноў, якімі будуць у тым ліку вызначаны парадак аднясення працаздольных грамадзян да незанятых у эканоміцы, пералік паслуг, што аказваюцца дадзеным грамадзянам па поўным кошце, парадак разліку платы за гэтыя паслугі і іншыя пытанні", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Дэкрэт набывае моц пасля яго афіцыйнага апублікавання

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі