Лукашэнка падзякаваў Нікалічу за падтрымку на прэзідэнцкіх выбарах
19 лістапада Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ў Мінску з Таміславам Нікалічам. Сербскі прэзідэнт прыбыў у нашу краіну з афіцыйным візітам, які працягнецца да 20 лістапада.
Падчас сустрэчы беларускі кіраўнік заяіў, што ў адносінах між нашымі краінамі няма праблемных пытанняў, якія б не вырашаліся.
Як перадае БЕЛТА, Лукашэнка падзякаваў Нікалічу за падтрымку як на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах, так і на гэтых. Па яго словах, сербскі палітык прыязджае ў Беларусь не толькі па працы: "Вы ў нас не першы раз, вы сапраўдны сябар, таму што вы не толькі па абавязку сваёй службы наведваеце Беларусь, вы і не будучы Прэзідэнтам былі тут".
Закранаючы тэму палітычных адносін паміж краінамі, Лукашэнка адзначыў, што праблем тут няма: "Мы разумеем сістэму ўлады ў Сербіі. Калі нейкія партыі выказваюць сваё меркаванне, і гэта не сыходзіцца з нашай і вашай пазіцыяй, то гэта не агрэсіўныя меркаванне, гэта меркаванне асобных людзей. А ў пераважнай сваёй большасці мы маем вельмі пазітыўны прагрэс у гэтых адносінах". На яго думку, у гэтым заслуга цяперашняга кіраўніка Сербіі.
Лукашэнка дадаў, што афіцыйны Мінск заўжды падтрымліваў Сербію ў міжнародных арганізацыях: "Мы паабяцалі, што падчас вашага старшынства ў АБСЕ зробім максімум для таго, каб вы ніколі не сказалі, што мы былі пасіўныя ў гэты перыяд".
"Словам, такіх праблемных пытанняў, якія б не вырашаліся ў адносінах нашых дзяржаў, сёння абсалютна няма", — канстатаваў кіраўнік Беларусі.
Фота: president.gov.by