Лукашэнка: Паглядзім, як Алексіевіч выкарыстае імідж, які ў яе з'явіўся

Лукашэнка: Паглядзім, як Алексіевіч выкарыстае імідж, які ў яе з'явіўся

У пятніцу, 9 кастрычніка, Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з працоўным калектывам Беларускай АЭС, будаўнікамі і жыхарамі Астравецкага раёна выказаўся і пра прысуджэнне Нобелеўскай прэміі па літаратуры беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч. Як паведамляла Еўрарадыё, Лукашэнка ўчора павіншаваў Алексіевіч толькі праз шэсць гадзінаў пасля таго, як стала вядома, што яна — Нобелеўская лаўрэатка.

Лукашэнка: Паглядзім, як Алексіевіч выкарыстае імідж, які ў яе з'явіўся

"Я рады за яе, таму што гэта грамадзянка Беларусі, гэта гаворыць пра тое, што, якую б ты пазіцыю не займаў, усё ж такі ў Беларусі магчыма працаваць і тварыць, пісаць, выказваць свой пункт гледжання, пазіцыю і гэтак далей", — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. Як вядома, Святлана Алексіевіч нярэдка крытыкавала палітыку Аляксандра Лукашэнкі.

Лукашэнка адзначыў, што не з'яўляецца глыбокім знаўцам творчасці пісьменніцы, але яе творы ведае: "Так, я ведаю, што яна пераважна напісала, ведаю, што меў на ўвазе Нобелеўскі камітэт, калі прысуджаў ёй гэтую прэмію, яна прэтэндавала на яе не першы год". Нагадаем, падчас абвяшчэння прозвішча лаўрэаткі адзначалася, што прэмія прысуджаная беларусцы "за яе паліфанічныя творы, помнік пакутам і мужнасці ў наш час".

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не лічыць Алексіевіч апазіцыянеркай. Ён мяркуе, што гэта добра, калі "чалавек мае сваю пазіцыю, можа дзесьці і апазіцыйную". "Яна напісала нармальныя творы, у яе адпаведны стыль... Я нічога супраць не маю", — сказаў Лукашэнка.

"Галоўнае цяпер — як ты як ты распарадзішся гэтым багажом. Калі ты грамадзянка Беларусі, гэта твая зямля, твая дзяржава, падабаецца табе ці не падабаецца, але ты ўжо сёння чалавек, які падняўся высока, паглядзім, як жа ты гэты імідж, гэты багаж, які ў цябе з'явіўся, выкарыстаеш на карысць свайго народа", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Фота: БЕЛТА, nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі