Лукашэнка згадаў пра 10 тысяч беларускіх міратворцаў ва Украіне
Беларускія міратворцы гатовыя адправіцца ва Украіну, калі будзе адпаведная дамоўленасць паміж Парашэнкам і Пуціным. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам пасля галасавання на выбарах у мясцовыя саветы, перадае БЕЛТА.
Беларусь гатовая паўдзельнічаць ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, не займаючы чыю-небудзь пазіцыю. "Я нават казаў абодвум прэзідэнтам, Парашэнку і Пуціну: вы не разлічвайце на тое, што я чыйсьці буду. Я буду выразна выконваць тое, пра што вы, два прэзідэнты, дамовіцеся: стаць паміж — я стану, дамовіцеся вывесці 10 тысяч Узброеных сілаў Беларусі — мы паставім іх на мяжы, дзе вы скажаце. Але я не змагу зрабіць тое, пра што вы не дамовіцеся", — патлумачыў Лукашэнка сваю пазіцыю.
Па яго словах, яшчэ ў першы год канфлікту ва Украіне Беларусь накіравала свае прапановы па яго ўрэгуляванні. Аднак тады высокапастаўленыя чыноўнікі з Бруселя не прынялі іх. На думку Лукашэнкі, многія еўрапейцы зацікаўленыя ў гэтым канфлікце. "Сёння вярнуліся да палавіністага варыянту таго, што я прапаноўваў: давайце і беларусаў ўключым (гэта NATO прапануе), таму што ім нібыта давярае Расія", — раскрытыкаваў Лукашэнка.