Лукашэнка паведаміў, што "неабдуманых рэформаў" у Беларусі не будзе
Беларусь і надалей пойдзе па абраным народам шляху. Пра гэта 30 снежня заявіў журналістам Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што на неабдуманых рэформах сёння настойваюць тыя, каму патрэбныя развал, мітусня і бязладзіца. "Тады можна і да ўлады прыйсці, тады можна павярнуць краіну ў іншы бок. Гэтага не будзе. Краіна будзе ісці ў тым напрамку, у якім лічаць патрэбным, каб яна ішла, беларускія людзі", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Прыкладам правільнага рэфармавання, мадэрнізацыі кіраўнік дзяржавы назваў ахову здароўя. 30 снежня ён наведаў радзільню 5-й гарадской клінічнай лякарні Мінска, абсталяваную самым сучасным абсталяваннем. Лукашэнка зазначыў, што гэта паказчык таго, як дзяржава клапоціцца пра будучыню краіны. Па яго словах, у Беларусі заўсёды былі добрыя лекары і годныя ўстановы аховы здароўя, а да гэтага часу ўдалося вырашыць праблему з іх абсталяваннем.
Лукашэнка паведаміў, што ўкладанні ў медыцыну далі пазітыўныя вынікі. Напрыклад, узровень дзіцячай смяротнасці ў Беларусі за 10 гадоў знізіўся ў 2,5 раза і па выніках гэтага года склаў 3 праміле. За апошнія пяць гадоў зарэгістраваны адзін выпадак смерці парадзіхі з акушэрскіх прычынаў. "Вось і ўся рэформа, так будзем рэфармавацца, мадэрнізавацца па ўсіх напрамках", — канстатаваў кіоаўнік дзяржавы.
Фота: БЕЛТА