Лукашэнка — пра моладзь і "вайнушку"
5 лютага падчас сустрэчы з навукоўцамі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што "паслявыбарчыя падзеі паказалі, што... больш сур'ёзна трэба ставіцца да навучання нашай моладзі". "У адваротным выпадку мы атрымаем вельмі вялікія праблемы ў перспектыве, — цытуе яго словы прэс-служба. — Калі не пераламаць сітуацыю, мы падыдзем да вайнушкі".
Па словах Лукашэнкі, уладам не ўтрымацца "ў рамках унутранага разладу і нейкай грамадзянскай вайны: абавязкова ўмяшаюцца іншыя гульцы". Ён зноў заявіў, што не хоча, каб Беларусь "стала полем бітвы, полем вайны, дзе будуць вырашацца не нашы пытанні".
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў працы з моладзю "многае будзе залежаць ад выкладчыкаў". Ён прызнае, што "у кожнага можа быць свой пункт гледжання, сваё меркаванне", і іх трэба выказваць, "не парушаючы закон". "Калі ён дрэнны — яго трэба змяніць ва ўстаноўленым парадку, — працягваў Лукашэнка. — Але не праз бойку на вуліцы".
Лукашэнка не ўпершыню выказваецца пра неабходнасць "перавыхавання" моладзі, якая актыўна ўдзельнічае і працягвае ўдзельнічаць у пратэстах. "Гэта не нармальна, калі выкладчыкі і студэнты ВНУ выступаюць як нейкая асобная сіла па дэзарганізацыі грамадства і знішчэнні той сістэмы, якую мы стваралі чвэрць стагоддзя", — сказаў ён навукоўцам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.