Лукашэнка прыдумаў, куды падзець электрычнасць з БелАЭС — можна майніць біткоіны
Курс біткоіна на раніцу 6 студзеня складае каля 35 тысяч долараў / Reuters
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што з уводам у строй атамнай станцыі ў Беларусі можна будаваць фермы і майніць біткоіны. Пра гэта ён гаварыў напярэдадні падчас сустрэчы з работнікамі прадпрыемства "Гарызонт".
Лукашэнка ўспомніў, што раней яму казалі пра гэтыя праекты, але тлумачылі, што для іх патрэбна танная электраэнергія. Зараз, калі біткоін падняўся ў цане, лічыць кіраўнік дзяржавы, майніць можна пры любых тарыфах.
"За апошнія суткі (bitcoin) на 10% знізіўся, але ўсё роўна (каштуе) больш за 30 тысяч. Пры любой электраэнергіі можна будаваць гэтыя фермы, як яны іх называюць, і кляпаць гэтую валюту", — сказаў Лукашэнка. Яго выступленне трасліравала Сталічнае тэлебачанне.
Размова пра біткоіны зайшла ў сувязі з пытаннем аб неабходнасці Беларусі АЭС. Лукашэнка заявіў, што ўвядзенне ў строй АЭС дазволіць краіне зэканоміць на энерганосьбітах і адразу адмовіцца ад куплі 5 з 22 мільярдаў кубаметраў газу.
"І калі б мы мелі другую атамную станцыю дзесьці там на ўсходзе — нам 10 кубаметраў газу хапіла б. Гэта ўжо вялікая незалежнасць ад... манапаліста", — сказаў Лукашэнка.
Беларусь зараз не можа прадаваць электраэнергію з БелАЭС на экспарт. Літва сумняецца ў бяспецы беларускай станцыі, таму з 3 лістапада — як стала вядома, што на першым блоку БелАЭс пачалася выпрацоўка энэргіі — адмовілася прапускаць па сваіх сетках электраэнэргію з Астраўца. Пры гэтым экпартаваць электраэнэргію з Беларусі ў ЕС цяпер можна толькі праз Літву.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.