Лукашэнка прызначыў Крутога першым віцэ-прэм'ерам, Турчына — кіраўніком Міншчыны
У пятніцу Аляксандр Лукашэнка правёў важныя кадравыя перастаноўкі. Міністр эканомікі 38-гадовы Дзмітрый Крутой прызначаны першым віцэ-прэм'ерам. Дагэтуль гэтую пасаду займаў 44-гадовы Аляксандр Турчын, але ён прызначаны старшынём Мінаблвыканкама. Мінскай вобласцю з лета 2017-га кіраваў Анатоль Ісачэнка, былы памочнік кіраўніка дзяржавы, інспектар у гэтым рэгіёне. Як інфармуе president.gov.by, ён сышоў з пасады па стане здароўя. Лукашэнка сказаў, што Ісачэнка някепска працаваў, таму ў будучыні працягне курыраваць Мінскую вобласць. Анатоль Ісачэнка зноў стане памочнікам кіраўніка дзяржавы.
Турчын ужо працаваў у Мінаблвыканкаме, да 2015 года быў намеснікам старшыні.
Аляксандр Лукашэнка спадзяецца, што на пасаду міністра эканомікі яму прапануюць кандыдатуру "добрага міністра, які будзе патрыётам Беларусі". Яму давядзецца "годна весці дыялог не толькі на Усходзе, але і на Захадзе", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.