Лукашэнка: ужо ў Гродне вывешваюць польскія сцягі
Аляксандр Лукашэнка бачыць пагрозу з боку некаторых суседзяў Беларусі для свайго рэжыму і абяцае даць "сур'ёзны адпор". Гэта прагучала 19 жніўня на нарадзе Саўбеза. Паводле яго слоў, "ужо ў Гродне вывешваюць польскія сцягі". "Гэта недапушчальна! — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — І падобныя рэчы будуць спынены кардынальным чынам".
Дагэтуль факты вывешвання польскіх сцягоў у Гродне невядомыя. Магчыма, Аляксандр Лукашэнка ўсё ж так выказаўся не пра "польскую дыверсию", а пра актыўнасць гродзенцаў, якія праводзяць масавыя мітынгі пад бел-чырвона-белымі сцягамі і ўжо дамагліся ад мясцовых уладаў выканання сваіх патрабаванняў.
Лукашэнка пераконваў прысутных, што "мы абсалютна не адныя", што ўлада мае падтрымку і праводзяцца мітынгі.
"Калі нехта думае, што тут улада нахілілася і захісталася, памыляецеся, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — І хачу сказаць, што ўладзе ёсць на каго абаперціся. Таму мы не здрыганемся".
Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што войскі на заходніх межах прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.