Лукашэнка выказаўся пра Курапаты, але не сказаў, калі іх упершыню наведае

Лукашэнка выказаўся пра Курапаты, але не сказаў, калі іх упершыню наведае

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з журналістамі дзяржаўных СМІ выказаўся пра Курапаты, урочышча на ўскраіне Мінска, дзе знаходзіцца масавае пахаванне ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Як вядома, год таму кіраўнік дзяржавы даручыў стварыць там мемарыял. Праўда, “народны мемарыял” там існуе даўно і ім апякуецца КХП-БНФ. Гаворка ідзе пра ўсталяванне ў Курапатах помніка, Мінкульт летась аб’яўляў конкурс.

Лукашэнка абураны, што працэс зацягнуўся. “Пара заканчваць гэтую валтузню на касцях, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Вы зацягнулі прадстаўленне прэзідэнту макета гэтага ўрочышча. Пакладзіце мне на стол дакументы, каб я мог зацвердзіць і мы стварылі там месца для душы. Трэба больш аператыўна скончыць гэта, прывесці ў парадак гэты лес, урочышча, паставіць самы просты помнік, ці капліцу, ці яшчэ нешта — мы прымем рашэнне. Каб чалавек, які спачувае сем’ям і пакутуе, што загінулі людзі, прыйшоў туды, прынёс кветкі”.

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што праект абавязкова будзе рэалізаваны. Ён адзначыў, што пытанне пра Курапаты было палітызаванае раней і такім застаецца і на сённяшні дзень, і яму гэта не падабаецца. Лукашэнка сказаў, што ёсць некалькі версій трагедыі, якая здарылася ў Курапатах. Але ён лічыць, што не так важна, хто вінаваты ў расстрэлах людзей. “Людзі, якія там, хочуць пакою, — кажа кіраўнік дзяржавы. — Ім не патрэбная гэтыя скокі на касцях”.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што штодня па некалькі разоў праязджае каля Курапатаў, але не сказаў, калі ўпершыню ён іх наведае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі