Лукашэнка заклікаў Расію не гнабіць Беларусь і прыгразіў перайсці на іншую нафту
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі братэрскія адносіны з Расіяй і няма ніякага павароту на Захад у знешняй палітыцы. Адпаведныя выказванні прагучалі падчас паездкі кіраўніка дзяржавы ў Брэст, перадае БЕЛТА.
Лукашэнка заявіў, што мы з Расіяй адзін народ, а праблемы ў нас узнікаюць з кіраўніцтвам суседняй дзяржавы. "Беларусы не дазволяць здрадзіць нашаму старэйшаму брату. Але мы патрабуем ад старэйшага брата, каб гэта быў старэйшы брат. Каб яны не гнабілі, не нахілялі нас, а ў цяжкую хвіліну падтрымалі", — патлумачыў беларускі кіраўнік.
Ён нагадаў, што цяпер Мінск і Масква працуюць над праграмай па развіцці інтэграцыі: "На эканоміку выйшлі. І пачынаюць гандлявацца — прыродны газ, нафта ды іншае... Мы ні ў кога нічога прасіць не будзем. Надакучыла ўжо гэтыя размовы весці, надакучыла слухаць". Як вядома, два дні таму Лукашэнка атрымаў праграму па інтэграцыі Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Падпісаць яе кіраўнікі Беларусі і Расіі плануюць 8 снежня.
Лукашэнка прыгадаў катастрофу на Чарнобыльскай АЭС. "Мы што, будавалі гэтую станцыю? Не. Мы яе нішчылі? Не. А хто пацярпеў больш? Мы. Тады цэнтральная ўлада ў асобе Міхаіла Гарбачова ўзяла на сябе адказнасць за Беларусь. Часам грошы ўкладвалі ў такую "дурніну", што і не трэба было ўкладаць. Але як разумелі, так і ратавалі Беларусь", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён дадаў, што пасля распаду СССР Беларусь перадала ў Расію ядзерную зброю і выбудоўвала сваю палітыку ў адпаведнасці з расійскай. "Я Пуціну кажу: "Гэта і мая Расія, гэта мая краіна". Таму што беларусы душу сваю ўклалі ў развіццё той краіны, у тым ліку і Расіі", — горача патлумачыў Лукашэнка.
Расія як правапераемніца СССР, на яго думку, у якасці кампенсацыі за Чарнобыль павінна дапамагчы — паставіць "мільярдаў 10-15 кубаметраў газу па прымальных цэнах".
Згадаў беларускі кіраўнік і будаўніцтва Пуціным Паўднёвага і Паўночнага патокаў для транспарціроўкі прыроднага газу. "Ён горда ўклаў мільярды долараў, пабудаваў гэтыя патокі. Я яму сказаў: мы таксама горда (калі вы нас будзеце нахіляць і да рынкавай цаны на нафту падвялі, мытную пошліну замянілі падатковым манеўрам) возьмем з рынку і іншую нафту. Але толькі ці трэба гэта Расіі, каб на іх рынак прыйшло 20-25 мільёнаў тон чужой нафты — амерыканскай, Саудаўскай Аравіі, яшчэ чыёйсьці", — паспрабаваў ён напалохаць расійскі бок.
Лукашэнка згадаў пра пастаўкі азербайджанскай нафты праз Украіну і паведаміў, што распрацоўваюцца варыянты паставак з поўначы — праз Польшчу і краіны Балтыі. "Але калі мы праз Польшчу пачнём пастаўляць нафту, то мы забяром дзве ніткі нафтаправоду "Дружба", па якім на экспарт ідзе расійская нафта. Гэта трэба расіянам? Не. Ну, дык давайце дамаўляцца па-чалавечы і будзем рабіць як лепш", — прапанаваў кіраўнік дзяржавы.
Ён заявіў, што ніякага павароту ў палітыцы на Захад няма: "Як мінімум мяне асабіста на Захадзе ніхто не чакае. Я ў гэтым на 100% перакананы. Не патрэбен там Лукашэнка. Ён наогул-та і ў Расіі не вельмі патрэбны. Проста народы ў нас братэрскія. Таму даводзіцца лічыцца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.