Лунінецкія “Рамэо і Джульета” даслалі СМС: “З намі ўсё добра” і зніклі

Лунінецкія “Рамэо і Джульета” даслалі СМС: “З намі ўсё добра” і зніклі

На форумах і ў СМІ іх ахрысцілі Рамэо і Джульетай, насамрэч, яны Вераніка і Артур. Ім па сямнаццаць, вучацца ў Лунінецкіх ПТК, год як сустракаюцца. У пятніцу 14-га кастрычніка абодва сыходзяць з дому. Дагэтуль пра іх месцазнаходжанне нічога не вядома.


Вераніка пяць разоў прыцягвалася да адказнасці за распіцце спіртных напояў у грамадскіх месцах. За гэта яе накіравалі ў ПТК закрытага тыпу ў Магілёў. Верагодна, каб пазбегнуць пакарання і не расставацца, маладыя людзі і вырашылі ўцячы.


"Яна прыехала ў пятніцу дадому, — плача Ірына, маці Веранікі. — Зразумела, размаўлялі пра суд. Я яе суцяшала, маўляў, усё будзе нармальна. Яна была моцна расстроеная. Толькі гэта магло стаць прычынай уцёкаў".


Хлопца Артура, з якім збегла Вераніка, маці ведае: некалькі разоў быў у гасцях. Нічога кепскага пра яго сказаць не можа. Кажа, хлопец як хлопец.


Вераніка, па словах Ірыны, апошні час была агрэсіўнай і нястрыманай. Але, мяркуе, гэта, хутчэй, звязана з падлеткавым узростам:


"А так, яна наадварот актыўная, вясёлая. Мы заўсёды размаўлялі з ёй, як маці з дачкой, з бацькам яна была ў нармальных стасунках, — зноў не стрымлівае слёз жанчына. — У дзяцінстве хадзіла на танцы, любіла плесці з бісеру. А потым пайшла вучыцца... Не ведаю. Магчыма, разбэсцілася, сяброўкі, вуліца... Магчыма, мы недаглядзелі".

Бацькі ведалі, што Вераніка з хлопцам збіраюцца ў сталіцу за вопраткай, далі ёй у дарогу 20 рублёў. Падлеткі схадзілі на рынак за пакупкамі, пайшлі на цягнік... Пасля гэтага даслалі СМС, маўляў, з намі ўсё добра, не хвалюйцеся, выключылі мабільныя тэлефоны і сувязь з імі знікла.


Артур — адзін з чатырох дзяцей, якіх выхоўвае маці. Наталля кажа, што апошні раз размаўляла з сынам у пятніцу. Ён сказаў, што нечага баіцца і будзе з'язджаць, а яна не паверыла.


Мама Веранікі плача, што трэба ж есці, недзе жыць, а ў дзяцей з сабой не шмат грошай.

Дырэктар Лунінецкага палітэхнічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, дзе вучыцца Вераніка, Андрэй Баўкуновіч, распавядае Еўрарадыё, што дзяўчына "была пад кантролем" з першага курса. Маўляў, любіць кампаніі, мае праблемы ў стасунках з дарослымі. Пры гэтым артыстычная, наведвае баскетбольную секцыю.

Лунінецкія “Рамэо і Джульета” даслалі СМС: “З намі ўсё добра” і зніклі

Па словах Андрэя Рыгоравіча, у абодвух падлеткаў праблемы ўзаемаадносін у сем'ях:


"Ведаеце, гэтая ўся шуміха паднялася з нашай падачы: дзяўчынка ў панядзелак не з'явілася на занятках. Мы пачалі высвятляць, дзе яна. Прыціснулі маці, а тая прызналася, што яе няма з пятніцы. Трое сутак няма дзяцей, а яны толькі з нашай падачы пішуць заявы!"


На шосты дзень пасля знікнення, тэлефоны падлеткаў не адказваюць.

Лунінецкія “Рамэо і Джульета” даслалі СМС: “З намі ўсё добра” і зніклі
Фота: onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі