Ля Курапатаў, поруч з крыжамі — пясок і смецце (фота)

30 красавіка каля Курапатаў ціха: тэхніка не ходзіць. Але бачны новы пясок каля будоўлі, увосень яго не было. Таксама новая плітка на дарозе і дрэвы на тэрыторыі рэстараннага сэрвісу, які першапачаткова называўся “Бульбаш-хол”.

“Мы калі прыязджалі, там быў ахоўнік, які казаў, што працы ідуць. Там гэта бачна, ляжыць новая тратуарная плітка. Але, можа быць, сёння там пуста, бо мы казалі, што згодна з рашэннем Генпракуратуры, яны не маюць права там працаваць”, — тлумачыць Еўрарадыё арганізатарка ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты" Ганна Шапуцька.

Увосень у плоце ля Курапатаў не было некалькіх пралётаў — недарабілі з-за скандалу. Цяпер плот на тым жа месцы дароблены цалкам, хаця, будаўніцтва было спыненае.

Будоўля каля Курапатаў

Адразу поруч з мемарыялам каля крыжоў заўважаю смецце і цэлыя горы пяску. Тут жа ляжаць пластыкавыя бутэлькі, драўляныя будаўнічыя канструкцыі.

Калі цяпер ідзе будаўніцтва — гэта незаконна, папярэджвае начальнік упраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі:

"Мы зможам дакладна сказаць, што там адбываецца, калі нам прадставяць праектную дакументацыю, якую яны павінны былі распрацаваць. Пакуль што дакументацыі не прадстаўлялі. А калі там пачаліся работы, значыць гэта парушэнне заканадаўства. У іх ёсць прадпісанне Мінкультуры".

Чыноўнік абяцае разабрацца, згодна з прадпісаннем, якое мінкульт выпісваў забудоўшчыку.

Нагадаем, каля мемарыялу Курапаты, дзе ў 1930-я гады былі расстраляныя дзясяткі тысяч людзей, хочуць пабудаваць комплекс прыдарожнага сэрвісу з лазняй і рэстаранам на 400 месцаў. Увосень будаўніцтва было прыпыненае Міністэрствам культуры і Генпракуратурай.

Відаць, плітку усё ж клалі

Смецце і пясок - каля крыжоў

На колькі крокаў перанясуць будоўлю ад Курапатаў?

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі