Лявон Вольскі прэзентуе новы альбом “Псіхасаматыка” 3 снежня ў Вільні

Лявон Вольскі прэзентуе новы альбом “Псіхасаматыка” 3 снежня ў Вільні

Канцэртная прэзентацыя новага альбома Лявона Вольскага адбудзецца ў суботу, 3 снежня, у абноўленым віленскім клубе Loftas. Дыск атрымаў назву “Псіхасаматыка”.

"Ёсць некаторыя псіхасаматычныя праявы ў жыцці, і не толькі ў маім — я заўважаю шмат у якіх маіх сяброў і знаёмых, — тлумачыць назву кружэлкі Вольскі. — Я не ведаю, наколькі ў песнях дакладна адлюстраваныя сімптомы гэтай хваробы, але можна знайсці. Можа быць, калі лекар паслухае, то складзе больш дакладны дыягназ".

Альбом будзе складацца з дзвюх частак — меладычнай і панкавай. Ідэю прапанаваў саўнд-прадзюсар, нарвежац Снорэ Бергеруд, які працаваў над мінулым сольнікам Вольскага "Грамадазнаўства" і апошнім альбомам "Крамбамбулі".

"Ён сказаў, што ёсць у мяне дзве характэрныя рысы: што я пішу панк-песні, і разам з тым выступаю як сонграйтар песень меладычных. І добра было б скласці такім чынам альбом. На мой погляд, паводле традыцыйнага шоу-бізнесу, гэта нетрадыцыйнае рашэнне. Але ж мы не знаходзімся ў звычайных каардынатах сусветнага шоу-бізнесу, таму можам сабе дазволіць розныя эксперыменты".

Адна з песень новага альбома была прэзентаваная на "выпадковым" канцэрце Вольскага яшчэ мінулай зімой. Лявон не выключае, што падчас бліжэйшых падобных "з'яўленняў з гітаркай" новыя трэкі таксама могуць прагучаць. Перад канцэртнай прэзентацыяй музыка афіцыйна прадставіць сінгл і кліп, зроблены пры ўдзеле фанатаў, якія "прафінансавалі" пласцінку праз краўдфандынг. Сам альбом выйдзе напрыканцы восені.

Самы танны квіток на канцэрт каштуе 65 рублёў, самы дарагі — 110. Для тых, хто набудзе квіткі, абяцаюць візавую падтрымку.

Лявон Вольскі прэзентуе новы альбом “Псіхасаматыка” 3 снежня ў Вільні

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі