Любоўныя лісты маракам і дзядзька з вокладкі альбома Led Zeppelin – #ІхНоравы

Пра што гавораць у свеце сёння

Пра што гавораць у свеце сёння / @rubanau_collage

Цікава быць навукоўцам! Можна падглядзець у замочную шчыліну спальні XVIII стагоддзя, можна гадамі захапляцца музычным гуртом — і ў адзін дзень уразіць свет адказам на пытанне, якое даўно хвалюе фанатаў. Ну і здіўляюць французы, якім Алімпіяды-2024 у Парыжы мала! Пра гэта — у нашым штоднёвым аглядзе міжнародных навін.

Францужанкі XVIII стагоддзя не саромеліся напісаць пра ноч кахання!

Пра што 250 гадоў таму пісалі ў любоўных лістах да французскіх маракоў? Пра гэта даведаўся прафесар гісторыі Рэно Мар'ё з Кембрыджа ў Нацыянальным архіве Вялікабрытаніі.

Гэтыя лісты не былі дастаўленыя адрасатам. Гісторык вывучаў іх 20 гадоў і вось нарэшце расказаў пра інтымныя падрабязнасці і паўсядзённае жыццё Францыі сярэдзіны XVIII стагоддзя.

Рамантычныя пасланні складалі маці, нявесты, жонкі, сёстры маракоў, што служылі на французскім ваенным караблі. Ён быў захоплены брытанскім флотам у красавіку 1758-га.

Любоўныя лісты маракам і дзядзька з вокладкі альбома Led Zeppelin – #ІхНоравы
Любоўныя лісты маракам, The National Archives

Хіба што гісторыкі атрымалі доказы, што ў Францыі XVIII стагоддзя жанчыны зусім не саромеліся гаварыць пра свае інтымныя жаданні партнёрам. Яны пісалі, што не могуць дачакацца, калі абдымуцца і прабавяць ноч разам. І, што самае цікавае ў гэтым, у той час яшчэ многія не ўмелі чытаць і пісаць. То-бок такімі адкрытымі прызнаннямі даводзілася дзяліцца з многімі людзьмі — тымі, каму трэба надыктаваць ліст, і тымі, хто яго прачытае.

Таксама ў гэтых любоўных пасланнях шмат цікавых падрабязнасцяў пра жыццё ў тую эпоху. Жанчыны пісалі пра дамашнія фінансы, нараджэнне дзіцяці. Лісты адпраўляліся з арфаграфічнымі памылкамі, але на якаснай паперы. Некаторыя падпісваліся ласкавымі мянушкамі: “Ваша паслухмяная жонка Нанэт”.

Чаму ж гэтыя кранальныя лісты так і не дайшлі да адрасатаў? Французская пошта кожны раз адпраўляла іх у парты, дзе знаходзіўся карабель, але не паспявала, бо ён ужо адыходзіў. А потым судна захапіў брытанскі флот. Маракі былі адпраўленыя ў турму або загінулі, а лісты трапілі ў архіў у Лондане.
 

Зімовыя Гульні — на курорце ў Ніцы?

Францыя будзе прымаць летнюю Алімпіяду-2024, але мае амбіцыі ўхапіць сабе яшчэ і зімовыя Гульні. І прапануе… сонечную Ніцу! І ўжо падала зяўку на правядзенне Алімпіяды ў 2030 годзе. План у Францыі такі: спаборніцтвы па фігурным катанні, хакеі, кёрлінгу і бегу на каньках пакінуць у Ніцы, а гарналыжныя дысцыпліны адправіць у Французскія Альпы.

Найбліжэйшыя канкурэнты на права запрасіць да сябе спартоўцаў зімой — Швейцарыя і Швецыя.

Папярэдняе рашэнне што да кандыдатаў на гаспадароў зімовых Гульняў Міжнародны алімпійскі камітэт мусіць прыняць неўзабаве, на сустрэчы 28 лістапада ў Парыжы. Канчатковы выбар зробяць толькі ў наступным годзе.

Хто гэты мужчына з галлём на вокладцы альбома Led Zeppelin?

Больш за палову стагоддзя таму выйшаў легендарны альбом Led Zeppelin “IV”. Яго дагэтуль лічаць адным з найвялікшых у гісторыі року. Ён прываблівае не толькі музыкай, але загадкавасцю.

Што за міфалагічныя адсылкі ў тэкстах песень? Што за карціна на вокладцы з селянінам, які трымае галлё на спіне? Даследчыкі і фанаты вывучаюць альбом гадамі. І вось адну з таямніц раскрылі! Брытанскі навуковец і даўні прыхільнік Led Zeppelin урэшце даведаўся, што гэта за мужчына на вокладцы! 
 

Любоўныя лісты маракам і дзядзька з вокладкі альбома Led Zeppelin – #ІхНоравы
Та самая вокладка легендарнага альбома

Гэта страхар па імені Лот Лонг, які жыў у ХІХ стагоддзі. Навуковец знайшоў фатаграфію гэтага мужчыны ў старым фотаальбоме. Ён называўся так: “Успаміны пра паездку ў Шэфтсберы. Пяцідзясятніца 1892 года. Падарунак цётцы ад Эрнэста”.

У альбоме былі здымкі будынкаў, вуліц, партрэты сялян. Фатаграфія гэтага самага мужыны з галлём была падпісаная як “Страхар з Уілтшыра”. Мяркуючы з таго, што на чорна-белым здымку застаўся адбітак пальца нечай рукі, навуковец мяркуе, што гэта арыгінал.

Любоўныя лісты маракам і дзядзька з вокладкі альбома Led Zeppelin – #ІхНоравы
Wiltshire Museum

Наступнае пытанне для даследвання — чаму Led Zeppelin абралі менавіта гэты здымак? І дзе ўвогуле яго пабачылі? Магчыма, гэта нагода пераслухаць альбом!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі