"Людзі дэкларуюць свае мабільнікі, планшэты". Што змянілася на мяжы

"Людзі дэкларуюць свае мабільнікі, планшэты". Што змянілася на мяжы

Указ №40, які абнавіў правілы бяспошліннага правозу тавараў у Беларусь, уступіў у сілу 14 красавіка. Цяпер прывезці сабе нешта на суму 1500 еўра без выплаты пошліны можна толькі раз на тры месяцы. Пры гэтым, калі ехаць раней, везці тавараў можна ўжо не больш чым на 300 еўра — калі больш, то трэба плаціць.

Я ў Польшчу еду акурат ў ноч з 14 на 15 красавіка. Назад вяртаюся праз тры дні. З сабой вязу даволі шмат вопраткі — выгадна набыў у краме на распродажы. Рэйсавы аўтобус спыняецца на "Варшаўскім мосце", пасля непрацяглай паўзы усіх пасажыраў запрашаюць прайсці ў залу для дагляду. Ідзем туды, амаль кожны мае 1-2 торбы, у некага бачу нават вялікую скрынку з тэлевізарам. Пакуль чакаем сваёй чаргі да мытніцы, людзі абмяркоўваюць новаўвядзенні:

 

— Ты чула? Гэта ж ужо новыя правілы працуюць.

— Чула. Ну і што? Буду вазіць як вазіла. Толькі цяпер лічыць трэба па чэках.

— Я таксама думаю, што нічога не зменіцца.

 

На дагляд да мытніцы іду без энтузіязму. Пакупак у мяне нашмат менш чым на 1500 еўра. Але вельмі не хочацца выварочваць усё з валізкі на стол, паказваць чэкі, тлумачыць, што плаціў за рэчы нашмат менш, чым напісана на іх цэнніках. У дадатак маю ноўтбук і фотакамеру, якія забыў задэклараваць, калі ехаў у камандзіроўку. Але мытніца больш чым лагодная:

 

— Дзе былі?

— У Варшаве.

— Што у вас у сумках?

— Тут вопратка, набыў у краме. А тут асабістыя рэчы — ноўтбук, кнігі.

— Ліміт па пакупках не перавысілі?

— Не.

— Грошы наяўныя ёсць з сабой?

— Так, 300 еўра, здаецца.

— Што ж вы так, не ўсё патрацілі?

— Ну вось неяк так выйшла.

 

Прыкладна гэтак жа праходзяць мытны кантроль усе іншыя пасажыры майго аўтобуса. Адзінае заўважнае новаўвядзенне — пільная ўвага мытнікаў да штампаў аб перасячэнні мяжы ў пашпарце.

 

"Людзі дэкларуюць свае мабільнікі, планшэты". Што змянілася на мяжы

Новыя мытныя правілы. Што можна везці, а што нельга

З 14 красавіка набывае сілу Указ №40, які змяняе правілы правозу тавараў з-за мяжы для грамадзян Беларусі. Што цяпер можна, а што нельга, разглядаем на прыкладзе рэальных сітуацый.

Пакуль спакойна не толькі ў Брэсце. Намеснік кіраўніка Ашмянскай мытні Уладзімір Папылін расказвае Еўрарадыё, што на мяжы ўсё спакойна:

"Вы ведаеце, асабліва нічога не змянілася. Сітуацыя нармальная, спакойная, стабільная. Ніякіх эксцэсаў у сувязі са зменамі ў правілах увозу тавараў у нас не адбывалася. Адзінае што больш пачалі дэклараваць свае рэчы грамадзяне, якія выязджаюць з краіны. У асноўным гэта дарагія мабільныя тэлефоны, планшэты, ноўтбукі", — расказвае Папылін.

Мытнік гаворыць, што для падарожнікаў змены зусім не заўважныя — чэргі ў "зялёны" і "чырвоны" калідоры засталіся такімі ж, як і раней. Праблем з павелічэннем колькасці ахвочых дэклараваць свае рэчы падчас выезду з Беларусі пакуль таксама няма — мытня спраўляецца. Толькі што цяпер даводзіцца часам рэгістраваць не самыя звычайныя рэчы.

"Вось я быў у суботу ў пункце пропуска "Каменны Лог". І там расіяне на выездзе дэкларавалі нейкае дарагое пакрывала. 500 еўра, так пазначылі яго кошт. Каб потым можна было лёгка яго назад увезці. Вось так усё выглядае. І ў нас пакуль нават не было выпадкаў, каб некаму давялося дадаткова плаціць зборы за ўвезены тавар", — расказвае Уладзімір Папылін. І дадае, што задэклараваць падчас выезду з Беларусі за мяжу можна абсалютна любую сваю рэч незалежна ад яе кошту. Мытня не мае права адмовіць, калі вы папросіце даць вам банк дэкларацыі.

 

Адсутнасць праблем намеснік кіраўніка Ашмянскай мытні тлумачыць тым, што пра Указ №40 было вельмі шмат інфармацыі як у СМІ, так і з боку мытных органаў. Таму людзі падрыхтаваліся да яго, і канфліктных сітуацый пакуль няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі