Маці Ягора Марціновіча пра ператрус: сілавікі нават не змылі ў прыбіральні

Маці Ягора Марціновіча пра ператрус: сілавікі нават не змылі ў прыбіральні

Сведкай затрымання галоўнага рэдактара "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча і ператрусу ў яго кватэры стала яго маці — Таццяна Мушынская. Усё пабачанае жанчына апісала ў Фэйсбуку.

8 ліпеня ёй затэлефанавалі і паведамілі, што каля офіса "НН" бачылі аўтамабіль сілавікоў і Ягора ў іх суправаджэнні. Маці адразу паехала дадому да сына, але там нікога не пабачыла. 

"Стаю на кухні. Раптам ўваходная дзверы адчыняецца. Спачатку з'яўляецца Альма на павадку, потым Ягор. Нейкі дзіўны, маўклівы. Следам увальваецца проста зграя. Дзікае паляванне — самае натуральнае! Чалавек 7 або 8. У чорным, у масках, толькі прарэзы для вачэй. Галасы — з агрэсіяй.
— Так, вы хто?
Ні добры дзень, ні тлумачэння, хто заявіўся.
— Я маці!
— Мабільнік сюды! Ператрус! І выйсці ў калідор.
Гэта значыць, яны мне начальнікі? Уламіліся ў чужую хату, як у сваю. Тыпу — ты тут ніхто. А яны на чужой тэрыторыі будуць распараджацца, як хочуць".

Пасля ператрусу Ягора Марціновіча вывелі са скутымі рукамі за спінай ў суправаджэнні сілавікоў. "Яны мяркуюць, што ён можа збегчы пры такой колькасці ўзброеных?" — дзівіцца жанчына.

Дарэчы, яе мабільнік сілавікі таксама забралі і прыгразілі, каб не павышала на іх голас.

У кватэры пасля сябе сілавікі пакінулі вывернутыя шафы, раскіданыя на падлозе рэчы. Але больш за ўсё, піша Мушынская, яе ўразілі два моманты — разбітая гірлянда, якая вісела на акне, і нязмытая прыбіральня.

"Ведаеце, што мяне больш за ўсё забіла маральна? На створцы акна ў зале вісела гірлянда. Для прыгажосці. Ну, каб ўвечары ўключыць і палюбавацца. Дык вось — гірлянду сарвалі з акна з такой злосцю, што яна разляцелася на мноства частак, а шкляныя аскепкі валяліся потым па ўсім пакоі. Што можна было схаваць і што шукаць у гірляндзе і ў маленькіх, празрыстых лямпачках? Нічога.

Праз гадзіну прыборкі зазірнула ў туалет, ануча нейкая патрэбна. Смурод — як у старой і нямытай вакзальнай прыбіральні. Здагадалася! Доблесныя байцы схадзілі ў чужы сарцір. Усё разумею, стаміліся ад цяжкай працы. Мабыць, і не адзін там пабываў. Але змыць за сабой ніхто не здагадаўся. Або ў дзяцінстве не навучылі, ці дома так робяць. І гэтых грамадзян нам трэба баяцца?.."

Супрацоўнікаў "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча, Андрэя Дынько, Андрэя Скурко і Вольгу Раковіч затрымалі 8 ліпеня. 16 ліпеня адпусцілі толькі бухгалтарку выдання Вольгу Раковіч. Астатнія "нашаніўцы" застаюцца пад вартай. 18 ліпеня стала вядома, што ім змянілі артыкул абвінавачання, але следства не паведаміла, у чым журналістаў вінавацяць цяпер. Затрыманне працягнулі на трое сутак. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі