Мацярынскі капітал пачне працаваць у Беларусі толькі ў сакавіку
Бо чыноўнікі не атрымалі дадатковых інструкцый і пастановаў.
Указ кіраўніка дзяржавы аб мацярынскім капітале ўступіў у сілу з 1 студзеня, але яшчэ не працуе. Згодна з дакументам, сем’і, у якіх з 2015 года з’явілася трэцяе і наступнае дзіця, маюць права атрымаць мацярынскі капітал у памеры 10 тысяч долараў на дэпазіт. Дакументы на атрыманне такой дапамогі трэба падаць у мясцовыя органы кіравання.
Аднак, як заўважылі Еўрарадыё ў Мінгарвыканкаме, указ ёсць, але ён не працуе, бо няма дадатковых дакументаў:
“Зараз рыхтуецца праект-пастанова, якая будзе ўтрымліваць пытанні, якія датычныя прызначэнняў, размеркаванняў і гэтаму падобнае. Ёсць толькі ўказ прэзідэнта і ў трохмесячны тэрмін павінны быць разпрацаваны дадатковыя дакументы. Арыентыровачна пастанова Саўміна будзе прынята ў сакавіку”.
У Мінгарвыканкаме заўважаюць, што па дапамогу шматдзетныя маці звяртаюцца, але атрымліваюць такі ж адказ — указ яшчэ не працуе.
Еўрарадыё звязалася з шматдзетнай маці Юліяй Сахаравай з Віцебска. Жанчына на днях нарадзіла дзіця, вагой 6 кілаграм 190 грамаў. Мы спыталіся ў яе, што яна думае наконт капітала.
“Наконт мацярынскага капітала не даведвалася. З часам, канечне, аформім, але справа не карысная. Гэта не дапамога шматдзетным сем’ям”, — кажа Юлія.
Справа ў тым, што выкарыстаць 10 тысяч долараў шматдзетныя сем’і змогуць толькі пасля таго, як трэцяму дзіцяці споўніцца 18 гадоў. Датэрмінова выкарыстаць грошы можна будзе толькі калі грошы спатрэбяцца на платнае лячэнне.
Па словах міністра працы Марыяны Шчоткінай, на наступны год на паляпшэнне жыллёвых умоваў у бюджэце прадугледжана 1,8 трыльёна рублёў. Гэтых грошай хопіць на 16,6 тысяч “трэціх дзяцей”.
Указ аб мацярынскім капітале будзе дзейнічаць да 31 снежня 2019 года.