МАГАТЭ страціла сувязь з сістэмамі маніторынгу на Чарнобыльскай АЭС — Reuters
Чарнобыльская АЭС / Еўрарадыё
Міжнароднае агенцтва атамнай энергіі страціла сувязь з сістэмамі маніторынгу на Чарнобыльскай АЭС, піша Reuters са спасылкай на гендырэктара МАГАТЭ Рафаэля Гросі.
"Аддаленая перадача дадзеных з сістэм маніторынгу гарантый, устаноўленых на Чарнобыльскай АЭС, была страчаная", — паведамляе агенцтва.
Напярэдадні Кіеў звярнуўся ў МАГАТЭ і папярэдзіў, што для забеспячэння бяспечнага кіравання станцыяй трэба замяніць людзей, якія каля двух тыдняў вымушаныя знаходзіцца на працоўных месцах. Гэта прыкладна 210 чалавек тэхнічнага складу і супрацоўнікаў службы аховы. Гэта людзі, якія заступілі на змену за дзень да таго, як на аб'екце з'явіліся расійскія вайскоўцы.
Улады Украіны падкрэслілі, што ў супрацоўнікаў на станцыі абмежаваны доступ да ежы, вады і медыкаментаў. І сітуацыя пагаршаецца. "Украіна просіць МАГАТЭ ўзначаліць міжнародныя намаганні для падрыхтоўкі плана замены працоўнага персаналу і забеспячэння эфектыўнай сістэмы ратацыі на аб'екце", — гаворыцца ў паведамленні апублікаваным на сайце МАГАТЭ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.