МАК не рэкамендуе нацыянальным камітэтам удзельнічаць у расійскіх Гульнях дружбы
Супраць правядзення Гульняў дружбы выказаўся і прэзідэнт МАК Томас Бах
Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамендаваў нацыянальным алімпійскім камітэтам устрымацца ад удзелу ў Гульнях дружбы ў Расіі. Любы ўдзел НАК у расійскіх Гульнях дружбы супярэчыць рэкамендацыям МАК, прынятым пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны. Але, акрамя гэтага, такі ўдзел не адпавядае "калектыўнай мэце алімпійскага руху — захаванню незалежнасці і аўтаномнасці спорту", — заявіў дырэктар дэпартамента МАК па сувязях з НАК Джэймс Маклеад. Яго словы прыводзіць партал Inside the Games.
Маклеад таксама адзначыў, што Міжнародная асацыяцыя дружбы (IFA), заяўленая як арганізатар гэтых гульняў, "з'яўляецца палітычнай арганізацыяй, якая фінансуецца ўрадам Расіі".
"Улічваючы палітызацыю сусветнага спорту, якая расце, мы просім усе НАК праяўляць асцярожнасць у дачыненні да гэтай ініцыятывы", — адзначыў Маклеад. Раней супраць правядзення Гульняў дружбы выступіў прэзідэнт МАК Томас Бах. "Расійскі ўрад абвінавачвае нас у незахаванні палітычнага нейтралітэту. У той жа час гэты ж урад спрабуе арганізаваць цалкам палітызаванае спартыўнае мерапрыемства", — прыводзіць словы Баха РБК.
Першыя летнія Гульні дружбы пройдуць у верасні 2024 года, зімовыя — у Сочы не раней за 2026 год. Такое рашэнне прыняў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. У гэтыя ж гады павінны прайсці летнія і зімовыя Алімпійскія гульні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.