Макей на раздачы бургераў і злы Лукашэнка: найлепшыя кадры Рамана Пратасевіча

Макей на раздачы бургераў і злы Лукашэнка: найлепшыя кадры Рамана Пратасевіча

Журналіст Раман Пратасевіч, затрыманы 23 траўня ў Мінску пасля пасадкі самалёта Ryanair Афіны — Вільня, у 2018–2019 гадах працаваў у рэдакцыі Еўрарадыё. Раман — вельмі таленавіты фотакарэспандэнт. За гэты час у яго аб’ектыў трапіла шмат яскравых кадраў. 

Еўрарадыё знайшло ў сваіх архівах самыя цікавыя здымкі Пратасевіча і прыгадвае гісторыі іх стварэння.

Супрацоўнік ДАІ штурхае машыну

Макей на раздачы бургераў і злы Лукашэнка: найлепшыя кадры Рамана Пратасевіча

У цэнтры Мінска на праспекце Незалежнасці задыміўся аўтамабіль "Аўдзі", з яго пацякла нейкая вадкасць. Супрацоўнік ДАІ штурхаў машыну рукамі, каб адагнаць яе ў бяспечнае месца. Здарэнне адбылося ўвечары 25 сакавіка каля Кастрычніцкай плошчы. Там якраз праходзілі затрыманні людзей, якія прыйшлі адзначыць Дзень Волі.

Мы любім выкарыстоўваць гэты архіўны здымак для ілюстрацыі навінаў пра чарговае падаражэнне паліва ў Беларусі.

Макей на раздачы бургераў ад Цімаці

Макей на раздачы бургераў і злы Лукашэнка: найлепшыя кадры Рамана Пратасевіча

7 лістапада 2019 года міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей нечакана прыехаў на адкрыццё кавярні Black Star Burger. Гэтай сеткай бургерных валодае расійскі рэпер Цімаці.

Пазней Макей растлумачыў, што прыехаў на бясплатную раздачу бургераў дзеля свайго сына, які слухае Цімаці.

“Танкалёт” ад “Белавія”

Макей на раздачы бургераў і злы Лукашэнка: найлепшыя кадры Рамана Пратасевіча

Раман Пратасевіч вельмі любіць самалёты і ўсё, што з імі звязана. У яго шмат сяброў сярод спотараў — людзей, якія фатаграфуюць узлёты і пасадкі самалётаў побач з аэрапортамі, а таксама новыя барты авіякампаній па ўсім свеце.

12 снежня 2018 года Раман трапіў на прэзентацыю новага “танкалёта” ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Самалёт у гэтай ліўрэі — вынік кааперацыі “Белавія” з кампаніяй Wargaming, распрацоўшчыкамі World of Tanks, — выконвае рэйсы дагэтуль.

Злы Лукашэнка

Макей на раздачы бургераў і злы Лукашэнка: найлепшыя кадры Рамана Пратасевіча

У аб’ектыў Рамана злы Лукашэнка трапіў 30 чэрвеня 2019 года ў час урачыстага закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія праходзілі ў Мінску. Прадстаўнік незалежных СМІ праз шэрагі аховы блізка падабрацца да яго не змог, таму фатаграфаваць давялося з максімальным набліжэннем аб’ектыва. 

Паралізаваны хакер з райцэнтра

Макей на раздачы бургераў і злы Лукашэнка: найлепшыя кадры Рамана Пратасевіча

У 2019 годзе Раман Пратасевіч ездзіў у Любань, каб расказаць гісторыю 19-гадовага Максіма Сямашкі. У хлопца невылечная генетычная хвароба — спінальная цяглічная атрафія 2-га тыпу. Максім перасоўваецца на калясцы, у яго крыху працуе толькі адна рука. Нягледзячы на гэта, ён не страчвае бадзёры настрой, “забіваецца” татуіроўкамі, не сядзіць дома і зарабляе грошы ў інтэрнэце.

Цалкам пачытаць размову з Максімам, які аказаўся адным з самых незвычайных хакераў Беларусі, можна тут:

Студэнтка на датэрміновым галасаванні 

Макей на раздачы бургераў і злы Лукашэнка: найлепшыя кадры Рамана Пратасевіча

У лістападзе 2019-га ў Беларусі праходзілі выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Па добрай традыцыі вялікая колькасць студэнтаў дзяржаўных ВНУ “вырашыла” прагаласаваць датэрмінова.

У адным з карпусоў БНТУ Пратасевіч сфатаграфаваў дзяўчыну, якая адной рукой апускала бюлетэнь у скрынню для галасавання, а другой выказвала сваё стаўленне да таго, што адбываецца. 

Рэпартаж з беларускага боку Зоны адчужэння

Макей на раздачы бургераў і злы Лукашэнка: найлепшыя кадры Рамана Пратасевіча

На пачатку красавіка 2019 года — праз 33 гады пасля трагедыі на ЧАЭС — Беларусь адкрыла Зону адчужэння для экскурсій. Падарожжа ў Зону пачынаецца ў Хойніках — горадзе, размеркаваннем у які пужаюць студэнтаў. Тут працуе адміністрацыя ПДРЭЗ — Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

Плошча “зоны” складала на той момант больш за 216 тысяч гектараў. Яшчэ 260 тысяч гектараў “чарнобыльскіх” зямель — па ўкраінскі бок мяжы.

Раман Пратасевіч двойчы бываў на ўкраінскім баку “зоны” са сталкерамі. А ў 2019-м, каб параўнаць уражанні, выправіўся на “афіцыйную” экскурсію. І вось з чым вярнуўся назад:

Беларускі эму

Макей на раздачы бургераў і злы Лукашэнка: найлепшыя кадры Рамана Пратасевіча

У вёсцы Майсеевічы пад Асіповічамі Раман Пратасевіч сфатаграфаваў страуса. А дакладней — эму. За некалькі дзён да таго птушка пераскочыла праз плот вышынёй са свой рост і ўцякла — яе знайшлі за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад вальера.

У Майсеевічах працуе прытулак для параненых птушак. Экзатычных эму гаспадары прытулку гадуюць на продаж — каб было за што ўтрымліваць і лячыць усіх астатніх. 

Чачэнскія ўцекачы ў Брэсце

Макей на раздачы бургераў і злы Лукашэнка: найлепшыя кадры Рамана Пратасевіча

У чэрвені 2019 года Раман рабіў фота і відэа для вялікага рэпартажу Еўрарадыё пра ўцекачоў з Чачні, якія на доўгія месяцы захраслі на беларуска-польскай мяжы ў Брэсце. 
 

Супрацьдронная пушка

Макей на раздачы бургераў і злы Лукашэнка: найлепшыя кадры Рамана Пратасевіча

У Мінску на выставе ўзбраення і вайсковай тэхнікі MILEX-2019 прадставілі футурыстычную супрацьдронную пушку. “Навальніца-Р2” — пераносная радыёэлектронная стрэльба для барацьбы з мультыкоптарамі. Яе распрацавала беларускае прадпрыемства “КБ Радар”, якое ўваходзіць у сістэму Дзяржкамваенпрама.

У 2018 годзе ў час святкавання 25 сакавіка 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі каля Опернага тэатра ў Мінску знік з тузін дронаў. Гэта была тэхніка не толькі СМІ (у некаторых — арэндная), але і звычайных людзей. Уласнікі дронаў меркавалі, што кіраванне над коптарамі перахапілі праваахоўнікі пры дапамозе радыёэлектроннай спецтэхнікі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі