Макей паедзе ў Маскву абмяркоўваць удзел Беларусі ў інтэграцыйных структурах
Уладзімір Макей паедзе ў Маскву абмяркоўваць "павышэнне эфектыўнасці ўдзелу Беларусі ў інтэграцыйных структурах", штаб-кватэры якіх знаходзяцца ў расійскай сталіцы. Рабочая паездка міністра замежных спраў нашай краіны ў Расію прызначаная на 21-22 лютага, інфармуе прэс-служба МЗС Беларусі.
Адзначаецца, што Макей будзе мець сустрэчу з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым. Яны абмяркуюць "актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня", беларуска-расійскае ўзаемадзеянне на міжнароднай арэне і ў міжнародных арганізацыях. Гаворка пойдзе і пра падрыхтоўку да святкавання 25-х угодкаў устанаўлення дыпадносінаў паміж краінамі.
Як паведамляла Еўрарадыё, Аляксандр Лукашэнка на бягучым тыдні будзе знаходзіцца ў Сочы. Аднак Уладзімір Пуцін туды прыехаць не плануе.