Макей: Уступленне ў СГА для Беларусі не самамэта
Беларусь канчаткова вырашыць, ці трэба ёй уступаць у Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА), пасля завяршэння перамоўнага працэсу. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.
4 верасня ён быў з дакладам у Аляксандра Лукашэнкі. На сустрэчы абмяркоўваліся і перамовы па ўступленні ў СГА. Макей паведаміў, што за апошнія паўтара года Беларусь заключыла 8 пратаколаў з рознымі дзяржавамі наконт уступлення ў СГА. Агулам наша дзяржава падпісала ўжо 18 такіх пратаколаў, засталося правесці перамовы яшчэ з васьмю дзяржавамі — напрыклад, з ЗША.
"Але кіраўніком дзяржавы выразна пастаўленая ў чарговы раз задача, выказаная пазіцыя наконт таго, што ўступленне ў СГА для нас не самамэта", — цытуе БЕЛТА словы міністра.
Ён дадаў, што рашэнне пра ўступленне Беларусі ў СГА будзе прынятае толькі пасля таго, як беларускія ўлады пераканаюцца, што гэта прынясе "канкрэтныя эканамічныя дывідэнды".
Ён патлумачыў, што ў свеце адбываецца пэўны адыход ад агульнапрынятых раней правілаў гандлю, у тым ліку ў дзейнасці СГА. "І вось гэтая канфрантацыя, адыход ад правілаў гандлю, ўзмацненне канкурэнцыі ў розных рэгіёнах, на розных рынках, вядома ж, аказвае негатыўны ўплыў і на наш экспартны, знешнеэканамічны складнік", — заявіў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства.