Манаеў: На рост рэйтынгу Лукашэнкі паўплывала зніжка на газ

120104 Nasta Rejting.mp3

Прычынай росту сацыёлагі называюць “матэрыяльную дапамогу” ад Расіі. Паводле прагнозаў сацыёлага Алега Манаева, гэтай “дапамогі” хопіць на 2012 год. І сёлета рэйтынг падаць не будзе, а, хутчэй, нават падвысіцца… “Калі нічога надзвычайнага не здарыцца”, — удакладняе Манаеў.


Алег Манаеў:“Напэўна, будзе павольны прырост. На тое становішча, якое было да 19 снежня 2010 года, я думаю, сёлета не выйдзе… Гэтая траўма так хутка не залечыцца ў памяці людзей”.


Нагадаю, паводле даследаванняў Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), праведзеных у снежні 2011 года, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі вырас з 20,5% да амаль 25%. З 24,5% да 31% павялічыўся і лік тых, хто давярае Лукашэнку.


Сацыёлаг Алег Манаеў тлумачыць рост рэйтынгу “матдапамогай”, якую аказала Расія Беларусі ў канцы года.


Алег Манаеў: “Амбасадар Расіі ў Беларусі Сурыкаў ацаніў гэтую дапамогу на канец года прыкладна ў 7,5 мільярдаў. Маючы на ўвазе і 2,5 ад продажу "Белтрансгаза", зніжкі на газ, еўразэсаўскі мільярд і г.д...Паколькі на 2012 год гэтых грошай хопіць, каб адносна стабільна яго працягнуць, то народ калі цалкам і не асэнсаваў, то як кажуць — учуў, што такога крытычнага становішча, як было паўгода таму, цяпер няма”.


Акрамя гэтага, кажа Манаеў, частка людзей за год проста прыстасавалася да цяжкасцяў.


Алег Манаеў: “Калі людзі сутыкаюцца з рознымі праблемамі, якія яны не могуць вырашыць, стараюцца проста да іх прыстасавацца. Зніжаюць свае чаканні, запатрабаванні і г.д. Гэты працэс час ад часу ідзе сярод большасці беларусаў”.


Цікавымі былі адказы на пытанне "Калі б вы ведалі чалавека, які мог бы паспяхова канкурыраваць з Лукашэнкам на наступных прэзідэнцкіх выбарах, то прагаласавалі б за яго або за Лукашэнку?".


Цяперашні кіраўнік дзяржавы прайграў бы гэтаму "ананімнаму" кандыдату з лікам 21,7% супраць 44.6%.


“Гэтае пытанне НІСЭПД задае як мінімум з канца 1990-х гадоў”, — запэўнівае Манаеў. І амаль заўсёды лічбы былі такімі ж.


Алег Манаеў: “Дакладна такое ж пытанне мы задавалі ў чэрвені 2004 года, тады адказы былі “прагаласавалі б за Лукашэнку” — 21,5% (столькі ж, як і сёння), а “за паспяховага…” — 56,4% (!), сёння 44,6%, на 12% больш! І гэта было менш як за 2 гады да выбараў, дзе ён спакойна “зрабіў” тандэм Мілінкевіча з Казуліным”.


Еўрарадыё: Пра што гэта кажа?


Алег Манаеў: “Значная частка людзей стамілася. Не абавязкова, што яны трываць не могуць, — проста стаміліся… Паўсюль усё новае, а тут — старое… Ну, і адна рэч, калі людзі на гэтае пытанне кажуць: ну, было б нядрэнна, калі б з’явіўся беларускі Абама ці Гавел, Валенса… сімпатычны, энергічны, усе б яго любілі — на захадзе, на ўсходзе і г.д. За яго б — так. Але як толькі падыходзяць выбары і людзі бачаць, што рэальная сітуацыя такая, як ёсць — яны ідуць і галасуюць за таго, хто ёсць…”.


Еўрарадыё даведалася, ці не цікавіліся рэйтынгам прэзідэнта іншыя сацыялагічныя і аналітычныя цэнтры Беларусі.
Інстытут сацыялогіі Акадэміі навук увогуле ніколі не даследаваў рэйтынг даверу людзей да ўраду і палітыкаў. За грошы праводзіць даследаванні там не могуць, бо гэта дорага. Згодна са словамі дырэктара Інстытута Ігара Катлярова, для таго каб вынікі адпавядалі рэальнасці, трэба не менш за 5 тысяч долараў.


Не задавалі беларусам пытанне пра рэйтынг і сацыёлагі з Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта.


А вось у Аналітычным цэнтры ЕсооМ Еўрарадыё абяцалі, што правядуць такое даследаванне ў лістападзе. Але сёння кажуць ужо пра сакавік…


І хаця самога даследавання пакуль не было, ужо вядома, што “крызіс не істотна адбіўся на рэйтынгу прэзідэнта”, — запэўніў Еўрарадыё дырэктар цэнтра Сяргей Мусіенка.


Вынікі закрытага сацыялагічнага апытання ёсць і ў кіраўніка дзяржавы.


“Паводле дадзеных сацапытання, 70% рэспандэнтаў выказалі давер кіраўніку дзяржавы. Ужо не 80%, а 70% — падзенне ёсць. 70% лічаць, што дзейнасць прэзідэнта адказвае іх інтарэсам”, — казаў яшчэ летась Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з расійскімі журналістамі.

Інтэрв'ю зробленае для праграмы "Форум Беларусь"на Еўрарадыё.
Нас можна слухаць у Брэсце на хвалях польскага "Radio dla Ciebie" 103,4 FM у суботу з 6 да 7 раніцы. 24 гадзіны на УКХ у Глыбокім, Паставах, Відзах і Міёрах на частаце 68,24 МГц. У Пінску на хвалях украінскага радыё "Мелодыя" 105,3 і 107,1 FM, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6—13° на ўсход, частата 11200 МГц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 5/6.  ASTRA 4A—4,8° на ўсход, частата 12379.62 МГц, гарызантальная  палярызацыя, хуткасць патока 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 3/4.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі