Марат Новікаў: ад Лукашэнкі мяне маглі прывезці ў металічнай скрыні
Былы ўладальнік “Камунаркі” і “Спартака” Марат Новікаў расказвае Еўрарадыё, чаму не прыехаў да Лукашэнкі і ці засталіся ў яго акцыі кандытарскіх фабрык.
Цалкам размова з Маратам Новікавым:
Калі прывёз мех грошай і аддаў чыноўнікам, то гэта — інвестар
Еўрарадыё: Якая ваша версія таго, чаму дзяржава вырашыла адабраць у вас “Камунарку” і “Спартак” — прадпрыемствы ж давалі прыбытак, развіваліся, заробкі супрацоўнікаў раслі?
Марат Новікаў: Дык прэзідэнт жа сказаў, што нічога гэтага не было! Падзенне рынку і гэтак далей. Па шчырасці, мы самі цяпер у шоку, самі разбіраемся, адкуль ногі растуць. Не хочам выклікаць агонь на сябе — а раптам мы не маем рацыі? Будзем жыць і бачыць, для чаго гэта ўсё было зроблена.
Адзінае, што я магу вам сказаць: калі ўсё ў адных руках сабранае, тады і парадак ёсць, няма ні “адкатаў”, ні “прыкатаў”, няма “нясуноў”. У гэтым я цалкам падтрымліваю прэзідэнта — трэба, каб усё было сабрана ў адных руках... у інвестараў. І вось нам падаецца, што ў нас быў суперпарадак. Але ж уладзе лепш бачна! Таму мы сёння не можам казаць, што ўлада не мае рацыі — можа, яна і мае рацыю. Можа, мы нешта недапрацоўвалі — час пакажа, як фабрыкі будуць развівацца….
Еўрарадыё: І ўсё ж — колькі ў якасці інвестара вы ўклалі грошай ў развіццё гэтых прадпрыемстваў?
Марат Новікаў: Укладзена 19 гадоў жыцця! Самае вялікае багацце на зямлі — душа, сэрца і талент. Гэта не ацэньваецца ніякімі грашыма. А ў Мінску гэта ацэньваецца па-іншаму: калі чалавек прывёз мех грошай — тады гэта інвестар. А тое, што названыя тры фактары могуць зрабіць не мех грошай, а багацце — гэта ніхто не ацэньвае! А калі прывёз мех грошай і аддаў чыноўнікам, каб яны імі распараджаліся, то гэта — інвестар. Але я такіх інвестараў яшчэ не бачыў. Не, я ведаю некалькі такіх выпадкаў у Маскве, калі людзі прывезлі грошы, даверылі іх генеральным дырэктарам — давайце, рабіце! Тыя ўсё проста пакралі і ўсё! Інвестыцыі не ў грошах, а ў веданні — што і як рабіць, каб прыбытак быў. Прадпрыемствы нашы працавалі з прыбыткам, з добрымі заробкамі, з усялякімі прэміямі. “Спартаку” сёння запланавана даць 15 мільёнаў долараў чыстага прыбытку, “Камунарцы” — 12-13 мільёнаў долараў. І калі там будзе ўсё цячы так, як і пры нас, то яны гэта дадуць. Кажуць, што мы зарабілі на какава-бабах дзясяткі мільёнаў. Мы на такія сумы какава-бабы не прадавалі!
Тут адзін міністр пастаянна крычаў, што мы можам набываць какава-бабы наўпрост з біржы
Еўрарадыё: Дарэчы, сённяшняе кіраўніцтва “Камунаркі” і “Спартака” захавала кантракты на пастаўку какава-бабоў з ранейшымі пастаўшчыкамі?
Марат Новікаў: Зразумела! У іх жа будзе крах, калі яны ад нас адмовяцца сёння, спыняцца фабрыкі. Каб нас памяняць, трэба выбраць партнёраў, якія будуць з імі працаваць. Мы 19 гадоў адпрацавалі са “Спартаком” і 14 — з “Камунаркай”, і ніколі ніводнай гадзіны фабрыкі не стаялі. Нават у складаныя інфляцыйныя месяцы. І дзяржава нам у той час не праканвертавала ніводнага долара! Усё цягнуў на сабе інвестар, усё фінансаваў.
Еўрарадыё: Нават пасля заявы Кабякова, што кошты на какава-бабы у вас вышэйшыя за рынкавыя?
Марат Новікаў: Ніхто рынкавых коштаў на какава-бабы не ведае. І Кабякоў таксама. Калі б мы прадавалі дорага, то фабрыкі б не давалі такія шалёныя прыбыткі. Калі б мы былі жулікамі, то навошта даваць такі прыбытак — мы б яго клалі ў кішэню! Магчымасцяў для гэтага вельмі шмат. Мэта інвестараў была не класці сабе ў кішэню, а развіць фабрыкі. Каб насамрэч атрымліваць сур’ёзныя дывідэнды. Нават дывідэндаў інвестар не атрымліваў — усё ўкладалася ў развіццё. А вось калі намі пачалі займацца год таму, тады мы пабачылі, што настроена дзяржава вельмі дрэнна, мы пачалі браць дывідэнды.
Кошт на какава-бабы на рынку будуецца гэтак жа, як на нафту. Сёння рынкавы кошт нафты — 100 долараў. Але за 100 долараў ты яе не купіш. Ты купляеш нафту ў Венесуэле — яна больш брудная і больш затратная, але каштуе 87 долараў. У Расіі нафта больш чыстая, але каштуе 109 долараў. Так і какава-бабы — яны не маюць аднаго кошту! Пасля біржы іх трэба прывезці на сухагрузе ў Талін, пакласці ў сховішча, расфасаваць па мяхах. Тут адзін міністр пастаянна крычаў, што мы можам набываць какава-бабы наўпрост з біржы. Уяўляеце сабе, які гэта ўзровень міністра! Якая неадукаванасць — ніхто нічога не разумее, а ўсе кіруюць! Большай бязглуздзіцы не скажаш. Скажы такое якому замежніку, ён будзе доўга смяяцца. А мне заўсёды пра гэта казалі!
Яны біржу адкрываюць: “Вой, па 2800 какава-бабы! А Марат прадае па 3100! Злодзей”. Але ж я магу прадаваць і па 4000 — гэта ж рынак. За ўвесь час працы не было ніводнай прапановы таннейшай за нашу. Кожны год аб’яўляўся тэндар не толькі какава-бабоў, але і ўсёй сыравіны — дзяржава гэтага патрабуе. І так набывалі — праз тэндар. Па-амерыканску гэта называецца bullshit! Гэта ж рынак — гэта працуе складана.
І я павінен зарабляць сваёй фірмай: у мяне сакратарка зарабляе 32 тысячы долараў ў год, а менеджары — звыш 100 тысяч долараў у год. Інакш яны працаваць не будуць — яны размаўляюць на любой мове і працуюць з 42 краінамі! Ды што там — мяне ўжо запрашаюць на 300 тысяч у Еўропу дырэктарам кандытарскага прадпрыемства. Плюс — 5 адсоткаў дывідэндаў ад прыбытку, у якасці бонуса. Цэняць! А тут — прыбытак паказаў, а атрымаў: “Жулікі і злодзеі ўсё пакралі!”. Не, ён сказаў: “Забілі фабрыку”. Мы рэанімавалі дзве фабрыкі! Фабрыкі нічога старога не выпускаюць, усе брэнды новыя, паставілі дзве новыя лініі, якія зараз пачынаюць працаваць: суфле і вафельныя цукеркі. Шыкоўныя дзве лініі. Але яны нават з гэтымі дзвюма лініямі нічога не выцягнуць — рынак збыту трэба!
Нельга сказаць, што мы рынак не развівалі — мы прапарцыйна рынку ішлі. Наймалі фірмы, яны нам рынак даследавалі — нам гэта каштавала 350 тысяч долараў. Даследавалі еўрапейскі рынак, расійскі, украінскі, і мы пабачылі, дзе ёсць нішы. Ведалі, што нам рабіць, куды ісці. Яны будуць гэтым займацца?! Хто там гэтым будзе займацца?!
Прапаноўвалі: дзяржава праляцела, памылілася, давайце пойдзем ёй насустрач
Еўрарадыё: Акцыі прадпрыемстваў былі і ў дзяржавы. За гэты час яна таксама ў развіццё фабрык інвеставала?
Марат Новікаў: Уклала! Псаванне нерваў і пастаянныя праверкі! У нас даходзіла да 70 сур’ёзных праверак за год. Асабліва на “Спартаку”. Гады тры, як перасталі правяраць. А так: адна праверка сыходзіць — іншая прыходзіць. Прычым такія: падатковая, Дзяржкантроль, КДБ, АБАЗ (аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю), фінансавая міліцыя. Прыходзяць і кажуць: “Ну, у іх жа недзе ёсць, ён жа не можа так працаваць”. Судзяць жа па сабе! І шукаюць. А потым тая ж падатковая кажа: “Дайце нам мільёнаў на 50 (парушэнняў), давайце мы на транспарт напішам. А то ў вас два з паловай месяцы адсядзелі і нічога не знайшлі”. Далі ім 35 мільёнаў, каб толькі сышлі. Даходзіла да парадоксаў — гэта цяжка нармальнаму чалавеку патлумачыць.
Еўрарадыё: Зараз кажуць, што прычына, з якой дзяржава забрала сабе гэтыя прадпрыемствы, у тым, што калісьці дзяржаўная камісія па прыватызацыі занізіла кошт прадпрыемства...
Марат Новікаў: Па-першае, гэта глупства. Па-другое, яны памыліліся, яны занізілі — дзяржава нясе за гэта адказнасць. Як можна сваю памылку перакладаць на чужыя плечы?! Больш за тое, мы прапаноўвалі: давайце фабрыка выкупіць у людзей блакуючы пакет акцый і аддасць дзяржаве. У прадпрыемства ёсць зараз грошы — дзяржава праляцела, памылілася, давайце пойдзем ёй насустрач. Калі мы дабрачыннасцю займаемся, то чаму дзяржаве не дапамагчы? Прапанавалі кампенсаваць страты, якія нанеслі вашы дзяржаўныя чыноўнікі. Не! Задача, безумоўна, ставілася — забраць. І ўсё гэта прыдумана. Бо ў тыя гады ніякіх такіх разлікаў не існавала — чаму сёння да гэтага трэба прыйсці? Дый ўвогуле — навошта прыбытковае прадпрыемства чапаць? У дзяржавы звыш 50% непрыбытковых прадпрыемстваў. Вось і падумайце, навошта гэта робіцца.
Еўрарадыё: У вас акцыі “Камунаркі” і “Спартака” засталіся?
Марат Новікаў: Засталося дзесьці 12% на “Камунарцы” і каля 20% — на “Спартаку”.
Еўрарадыё: Што вы з імі будзеце рабіць?
Марат Новікаў: Нічога, будзем акцыянерамі. Нічога мы з імі і зрабіць не можам — дзяржава ж арышт наклала на “Камунарку” і “Спартак”.
Еўрарадыё: А былых дырэктараў “Камунаркі” і “Спартака” будзеце працаўладкоўваць? Можа, да сябе ў фірмы возьмеце?
Марат Новікаў: Сёння былыя дырэктары “Камунаркі” і “Спартака” знаходзяцца на такім узроўні разумовым, адукацыйным і практычным, што, я думаю, яны і самі ўладкуюцца. У такіх менеджараў будзе мора прапаноў і без нас. Мы не плануем больш з Беларуссю ніяк працаваць, нейкія інвестыцыі і гэтак далей.
Мы адразу дамовіліся з партнёрамі: у палітыку не лезем
Еўрарадыё: На восеньскі інвестыцыйны форум ў Мінск прыязджаць не збіраецеся? Ну, можа, каб выбраць сабе новыя аб’екты для інвестыцый….
Марат Новікаў: Мы ж не вар’яты! Да псіхіятраў яшчэ не ходзім.
Еўрарадыё: Але ж дадумаліся “розным таварышам”, як сказаў Лукашэнка, грошы даваць!
Марат Новікаў: Я не ведаю, што ён меў на ўвазе, але я скажу: наш бізнес заўсёды быў і ёсць па-за палітыкай. Мы ніколі ні з кім не заігрывалі, да нас ніхто не звяртаўся, у мяне ў галаве ніколі такой тэмы не было. Фінансавалі толькі дабрачынныя форумы: дзяцей-інвалідаў, піянераў, давалі грошы гораду Мінску і Гомелю на ўсялякія вечары, калі ўлады звярталіся. А так — ніколі ў жыцці, дзецьмі магу паклясціся! Не таму, што супраць ці не супраць палітыкі — мы адразу дамовіліся з партнёрамі: нікуды не лезем. І, па шчырасці, да нас ніхто не звяртаўся. Я думаю, што спецслужбы гэта таксама ведаюць.
Еўрарадыё: Магчыма, не звярталіся, таму што ведалі, як вы лаяльна ставіцеся да Аляксандра Рыгоравіча...
Марат Новікаў: Пакуль ён нас не вырубіў, я ставіўся да яго... Я не хачу яго характарызаваць — я ўвогуле па-за палітыкай. Але яго жорсткасць у адносінах да чыноўнікаў мне падабалася — што ён чыноўнікаў ганяў. І я казаў: “Вось, адзіны чалавек у дзяржаве, які патрабуе ад іх, каб яны працавалі”. Але што ад іх патрабаваць, калі яны не могуць і не ўмеюць?.. Вось, яны зараз узяліся апантана, каб нешта паказаць, але па першых кроках я бачу, што, акрамя краху, нічога не будзе (пра “Камунарку” і “Спартак”. — Еўрарадыё). Цяжка, нават не пасля нас, а пасля гаспадара, дзяржаве наводзіць парадак. Няма ў сусветнай практыцы такога! Можа, у Беларусі такое здарыцца? Тады гэтая новая мадэль запрацуе і ў свеце таксама. Пачне дзяржава набываць прадпрыемствы і рабіць іх дзяржаўнымі — яны ж іх не будуць забіраць, а будуць скупляць. Бо ўсе ж цывілізаваныя. Кажуць жа, што Аляксандр Рыгоравіч стаіць вышэй за Бога. То, можа, такое ў Беларусі і здарыцца — брэсцкі губернатар сказаў: “Аляксандр Рыгоравіч, вы лепш за Бога!”
З нарады ў Лукашэнкі мяне б прывезлі ў металічнай скрыні
Еўрарадыё: Што вам перашкодзіла прыехаць на прэзідэнцкую нараду па “Камунарцы” і “Спартаку”?
Марат Новікаў: За два тыдні да нарады я парваў звязкі калена і быў у гіпсе. Я хадзіў на мыліцах, ціск узняўся — я сардэчнік, гіпертонік. Пайшоў да свайго кардыёлага і сказаў, што хачу паляцець у Мінск, у мяне там праблемы наконт бізнесу. А ён кажа: “Што табе даражэй: бізнес ці жыццё? Ты там расхвалюешся і можаш там застацца — я табе ніякіх гарантый не даю”.
Са мной была жонка, яны падбухторыла дзяцей і ўсе яны, разам з унукамі, як узняліся на мяне! І я цяпер рады, што не паехаў! Калі слухаў ўсё, што там было, тут — я смяяўся. А калі б я выслухаў гэта там! Ды калі б мяне яшчэ пачалі абражаць і прыніжаць, ды казаць, што я нічога не варты.... У мяне б, напэўна, здарыўся б інфаркт і мяне б прывезлі назад у металічнай скрыні. Цяпер я бачу, што зрабіў правільна — па-іншаму пытанне ўсё адно б не вырашылася. Усё ўжо было запраграмавана і вырашана. Нават тыя выступоўцы, якія казалі, што мы нічога не зрабілі, няма ніякага развіцця, нават ніякай упакоўкі няма — я смяяўся, калі слухаў гэта. Старое ўсё! Там нічога старога не засталося — нават кадраў!
Еўрарадыё: А то ў нас тут чуткі былі, што вы перасцерагаліся арышту...
Марат Новікаў: А за што? За тое, што я дорага прадаваў? Дык гэта мая справа! А хто мне сёння можа сказаць, што гэта — дорага? Як гэта ўвогуле можна даказаць? Вось калі б сёння паказалі пяць фірм і сказалі, што яны прапаноўвалі танней і такой жа якасці, і такую ж сінхроннасць падачы! Ты можаш сёння набыць танней, але яны табе могуць паставіць на дзень пазней сыравіну, і ў цябе прастаіць фабрыка, на гэтым адразу згубіш паўмільёна. Але пра гэта ніхто не задумваецца. Бо мазгоў не хапае пра гэта падумаць! Таму часам не пераплачваеш, а плаціш грошы, каб тваё прадпрыемства працавала на прыбытак. А калі ёсць прыбытак — гэта азначае, што ўсё прадаецца і ёсць якасць прадукцыі! Не было б сінхроннасці падачы — не было б якасці. Бо нешта б мянялі, тэхналогію парушалі. Нашы прадпрыемствы працавалі сінхронна і не спыняліся нават у самыя цяжкія часы. І заўсёды быў продаж — ён сёння наладжаны так, што я не думаю, што нехта ў гэтым можа цягацца з намі. Прадаваць на 4-5 мільёнаў долараў сёння могуць толькі кандытары Расійскай Федэрацыі. Мы стаялі на мяжы заключэння кантрактаў, яны ў мяне ў офісе ляжаць, з Аўстраліяй, Новай Зеландыяй, Паўночным Кітаем. Я нават сам не ведаў, мне сын сказаў, што адгрузілі кантэйнер на Венесуэлу. Аляксандр Рыгоравіч кажа, што не гандлюецца з Венесуэлай, а ў нас на Венесуэлу і Калумбію пайшоў кантэйнер з шакаладам! А зараз Аляксандр Рыгоравіч скажа: “Вось, бачыце — даў ім трындулей, і яны ўжо з Венесуэлай гандлююць”.
На абедзвюх фабрыках 4 тысячы чалавек працуе — мне іх шкада. Хай бы і далей працавалі. Калі будзе магчымасць, я ім заўсёды дапамагу. Я не маю крыўды — так, відаць, павінна было адбыцца рана ці позна. Адзінае партнёр правільна сказаў: трэба было ўвесь прыбытак — усё адно ж мы жулікі — сюды везці! А я заўсёды казаў: “Давайце развіваць фабрыкі, ад нас прыбытак ніколі не ўцячэ — будзем дывідэнды атрымліваць”. Вось, я і наатрымліваўся! Але дай Бог, каб яны і далей працавалі. Бачыце, у мяне нават голас не дрыжыць. Толькі гэта вельмі складаны працэс, калі дзяржава кіруе — мы гэта ўсё праходзілі ўжо.
Еўрарадыё: Вашы парады будучым замежным удзельнікам Беларускага інвестыцыйнага форума.
Марат Новікаў: Нічога не магу раіць: кожны чалавек павінен думаць сваёй галавой. Едуць — хай едуць. Гэта іх праблема. У бізнесе ніхто нічога нікому не раіць. Кожны павінен ведаць, што ён робіць.