Маравецкі: каля 100 вагнераўцаў рушылі да мяжы з Польшчай
Маравецкі распавядае пра вагнераўцаў на вайсковым заводзе ў Польшчы / PAP
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што больш за 100 наймітаў з групы "Вагнер" рушылі пад Горадню, да мяжы з Польшчай.
Гібрыдны напад на мяжу Польшчы працягваецца, але войска і памежная служба гатовыя, заявіў Маравецкі TVP World.
— Цяпер сітуацыя становіцца яшчэ больш небяспечнай. У нас ёсць інфармацыя, што больш за 100 наймітаў групы "Вагнера" рушылі ў бок Сувалкскай шчыліны пад Гродна ў Беларусі.
Ён упэўнены, што "гэта, безумоўна, крок да далейшай гібрыднай атакі на польскую тэрыторыю".
— Магчыма, яны будуць пераапранутыя ў форму беларускіх памежнікаў і будуць дапамагаць нелегальным імігрантам пранікаць на польскую тэрыторыю, дэстабілізаваць Польшчу, але, магчыма, яны таксама будуць спрабаваць пранікнуць у Польшчу, выдаючы сябе за нелегальных імігрантаў, а гэта стварае дадатковыя рызыкі.
Прэм'ер-міністр Польшчы дадаў, што толькі сёлета было зафіксавана блізу 16 тысяч спробаў перасячэння мяжы нелегальнымі мігрантамі, якія былі "выцесненыя ў Польшчу" расійскімі і беларускімі сіламі. Ён назваў міграцыйную плынь інспіраванай Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам.
Міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Камінскі распавёў раней, што Польшча, Літва і Латвія маюць намер зусім закрыць межы з Беларуссю, калі адбудзецца нейкі інцыдэнт з вагнераўцамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.