Марына Васілеўская вернецца ў Расію
Да палёту ў космас Марына Васілеўская была бортправадніцай
Першая беларуская касманаўтка Марына Васілеўская пасля сённяшніх мерапрыемстваў у Беларусі вернецца ў Расію. У Маскве яна працягне рэабілітацыю. Пра гэта Васілеўская распавяла ў Мінску пасля яе ўрачыстай сустрэчы.
Напярэдадні прапаганда анансавала прылёт у Беларусь у чацвер касманаўткі і адлёт у РФ у той жа дзень на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным Аляксандра Лукашэнкі. У іх на 12 красавіка была запланаваная сустрэча з нейкімі касманаўтамі. Высвятляецца, што сярод іх будзе і Васілеўская, якая толькі на кароткі час вярнулася на радзіму. У яе яшчэ запланаваная асобная сустрэча з Лукашэнкам у Мінску. Магчыма, што ў Маскву яны паляцяць разам (у Расію за касманаўткай адпраўлялі ўрадавы самалёт).
Марына Васілеўская працавала бортправадніцай авіякампаніі "Белавія". Навукай яна не займалася, а ў космасе ёй давялося праводзіць "навуковыя эксперыменты". Палёт Васілеўскай працягваўся два тыдні, з якіх 12 дзён — на МКС. На Зямлю яна вярнулася 6 красавіка.
Раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што Расія прафінансавала падрыхтоўку і запуск у космас Марыны Васілеўскай: "Гэта, я вам скажу, нятаннае мерапрыемства. Абышоўся б да 70 мільёнаў долараў гэты палёт".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.