Марыя Калеснікава мяркуе, што можа наогул застацца без адвакатаў

Марыя Калеснікава / Еўрарадыё​
Марыя Калеснікава / Еўрарадыё​

Сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава лічыць, што намер пазбавіць яе адваката Аляксандра Пыльчанкі ліцэнзіі — парушэнне яе права на абарону. Яна мяркуе, што ў выніку можа застацца без адвакатаў увогуле, паколькі абаронцы будуць баяцца аказваць ёй юрыдычную дапамогу пад пагрозай негатыўных наступстваў. У Калеснікавай гатова заява ў Міністэрства юстыцыі. Аб рэакцыі члена прэзідыума КР на сітуацыю з яе абаронцам TUT.BY распавяла яе адвакат Людміла Казак.

У сераду, 7 кастрычніка, у Міністэрстве юстыцыі абаронцу Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай было ўручана "апавяшчэнне аб разглядзе пытання аб спыненні дзеяння ліцэнзіі".

Людміла Казак паведаміла пра гэта Калеснікавай падчас сустрэчы ў Жодзінскай турме № 8. Па словах адваката, Марыя вельмі эмацыйна ўспрыняла гэтую навіну. Яна звярнула ўвагу на тое, што ўсе яе абаронцы ў той ці іншай ступені пацярпелі з-за аказання ёй юрыдычнай дапамогі. Як і Віктар Бабарыка, Калеснікава падрыхтавала заяву ў міністэрства юстыцыі, дзе указвае на тое, што намер пазбавіць Аляксандра Пыльчанкі ліцэнзіі расцэнена ёю як парушэнне яе права на абарону і паслядоўнае супрацьдзеянне аказанню ёй юрыдычнай дапамогі.

Марыя нагадвае, што адвакаты Максім Знак і Ілля Салей, якія прадстаўлялі яе інтарэсы, сталі фігурантамі крымінальнай справы і ўзяты пад варту. Адвакат Людміла Казак была выкрадзена, змешчана ў ІЧУ, а потым прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці.

Заява Марыі Калеснікавай перададзена ў спецчасть Жодзінскай турмы № 8 для адпраўкі ў Міністэрства юстыцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі