Марзалюка патрабуюць прыцягнуць да адказнасці за адкрыццё парэнчаў
Магілёўскі актывіст Аляксандр Хамратаў папрасіў міліцыю пачаць адміністрацыйную справу на дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка, піша праваабарончы сайт mspring.online.
Нагодай стала адкрыццё парэнчаў на спуску ў парку ў раёне вуліцы 30 гадоў Перамогі. Яно адбылося на пачатку траўня.
Хамратаў звярнуў увагу, што падчас мерапрыемства адсутнічалі супрацоўнікі міліцыі, хуткай дапамогі і МНС. Актывіст падкрэслівае: "Згодна з законам "Аб масавых мерапрыемствах", усе гэтыя службы павінны былі там прысутнічаць — гэта абавязковая ўмова". Ён папрасіў міліцыю правесці праверку ў дачыненні да Ігара Марзалюка і пачаць адміністрацыйную справу за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Участковы інспектар Арцём Чыж адказаў Хамратаву, што апытаў Марзалюка. Дэпутат заявіў, што парэнчы былі пастаўленыя па просьбе мясцовых жыхароў. А ўрачыстае адкрыццё канструкцыі, якое паказвалі нават па тэлевізіі, ён назваў "сустрэчай з выбаршчыкамі".
Ленінскі РАУС Магілёва адмовіўся пачынаць працэс на Марзалюка — за адсутнасцю складу правапарушэння.
Аднак Хамратаў лічыць адказ міліцыянтаў фармальным, бо ў ім няма канкрэтных фармулёвак і адсылак да старонак закона. "Масавыя мерапрыемствы не адмяняюцца як такія, калі ты дэпутат. Я буду абскарджваць пастанову міліцыі ў судзе за неабгрунтаванасць", — заяўляе актывіст.