Ігар Марзалюк назваў любімага філосафа Уладзіміра Пуціна "ідэолагам нацызму"
Уладзімір Пуцін
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Марзалюк назваў рускага філосафа Івана Ільіна "ідэолагам нацызму". Ільіна неаднаразова публічна цытаваў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, называў яго "вялікім" і "сапраўдным патрыётам". На выступ Марзалюка звярнуў увагу рэсурс "Зеркало".
Пра Ільіна беларускі дэпутат і гісторык казаў у эфіры АНТ у матэрыяле, прысвечаным "цікавасці беларускіх падлеткаў да ідэалогіі нацызму". Марзалюк падкрэсліў, што неанацысты — паслядоўнікі старых ідэалогій гітлерызму і фашызму. Паводле яго слоў, "абгорткі крыху мяняюцца, ідэалогія тая ж самая". Паводле яго, неанацысты камуфлююць свае погляды.
"У свой час, калі гітлерызм, як і фашызм Беніта Мусаліні, пацярпелі крушэнне, то асобныя, у тым ліку рускія, ідэолагі нацызму, у тым ліку філосаф Ільін, заявілі, што не трэба ўжываць слова "фашызм". Займацца тым жа самым, але не ўжываць гэтыя словы", — нагадаў Марзалюк. У выніку ідэолагі нацызму сталі па-іншаму называць свае плыні, ствараць "новыя партыі", але сутнасць яны пакідалі ранейшай: "апалогія вайны, апалогія нянавісці, апалогія нацызму і прынцыповае непрызнанне роўнасці ўсіх людзей". Гэта і ёсць нацызм, падкрэсліў Марзалюк, "упэўненасць у тым, што дзеля нейкіх ідэй можна нейкую групу сегрэгаваць, знішчыць, сцерці з твару зямлі".
Пуцін цытаваў Ільіна, у прыватнасці, пасля падпісання дамовы аб уключэнні захопленых украінскіх тэрыторый у склад Расіі. У тым выступе ён назваў Ільіна "сапраўдным рускім патрыётам". Усяго ж, паводле падліках даследчыкаў, Пуцін прыводзіў словы гэтага філосафа ў сваіх выступах як мінімум шэсць разоў — у 2005, 2006, 2012, 2013, 2014 і 2022 гадах. Тройчы — у пасланнях Федэральнаму сходу, двойчы — перад ваеннай аўдыторыяй і адзін раз — на моладзевым форуме.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.